BE RU EN

Магілёўцам раздавалі паветраныя балонікі з "Пагоняй"

  • 24.08.2014, 15:58

Акцыю, прымеркаваную да Дня незалежнасці Украіны, правялі 24 жніўня ў Магілёве мясцовыя грамадскія актывісты.

Мікалай Гладышаў і Вольга Маладзіла каля Палаца культуры Магілёўскай вобласці раздавалі дзецям і іх бацькам белыя паветраныя шарыкі з выявай беларускага нацыянальнага герба «Пагоня», паведамляе БелаПАН.

«Гэта культурна-асветніцкае мерапрыемства ў далучэнні дзяцей да гістарычных і культурных каштоўнасцяў Беларусі. Яно таксама прымеркаванае да Дня незалежнасці Украіны. Жадаем украінскаму народу перамагчы, свабоды яму, незалежнасці»- так пракаментаваў журналістам тое, што адбываецца, Мікалай Гладышаў.

Акцыя праводзілася ў ажыўленым месцы - насупраць Палаца культуры вобласці разгорнуты «школьны базар». Актывісты раздавалі надзьмутыя шарыкі, а таксама прапаноўвалі бацькам дзяцей надзьмуць іх самастойна. Са слоў Гладышава, дзеці былі вельмі задаволеныя, атрымаўшы бясплатна шарыкі з нацыянальнай сімволікай.

Актывіст заклікаў бацькоў адпраўляць дзяцей 1 верасня ў школы, даўшы ім два шарыкі - жоўты і блакітны ў знак падтрымкі народа Украіны ці тры шарыкі колераў гістарычнай нацыянальнай сімволікі - два белыя і адзін чырвоны.

Акцыя пачалася апоўдні і доўжылася каля гадзіны. Ніякіх прэтэнзій да арганізатараў ніхто не выказваў.

Апошнія навіны