BE RU EN

Мытня не знайшла экспэртаў для праверкі біяграфіі Лукашэнкі

  • 24.08.2014, 11:13

Грамадскі актывіст Аляксандр Малочка атрымаў чарговае апавяшчэнне з Ашмянскай мытні.

Роўна праз 10 месяцаў пасля канфіскацыі кнігі «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» кіраўніцтва мытні паведаміла, што да гэтага часу так і не вызначылася з экспэртнай арганізацыяй, якая магла б паставіць кропку ў лёсе выдання. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Нагадаем, што 14 верасня 2013 пры вяртанні з Літвы на памежным пераходзе Каменны Лог у Аляксандра Малочкі канфіскавалі адзін асобнік кнігі Валерыя Карбалевіча - нібыта для праверкі на экстрэмізм. Праверка праводзілася Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы Гарадзенскага аблвыканкама. Прачакаўшы адказу 4 месяцы, актывіст накіраваў Ашмянскай мытні ліст з просьбай азнаёміць яго з экспэртнымі высновамі. У адказ заключэнне яму не даслалі, але паведамілі, што кнігу ён можа забраць «у месцы захоўвання».

Але 18 лютага 2014 ад начальніка мытні Івана Ніверкевіча прыйшоў новы ліст: ён пісаў, што папярэдні ліст быў «несапраўдным», паколькі экспэртыза гарадзенскіх ідэолагаў не дала адказаў на пастаўленыя пытанні. Таму кніга была накіраваная ў рэгіянальны аддзел КДБ, каб даследаваць яе на прадмет аднясення да пераліку тавараў, забароненых да ўвозу на тэрыторыю Мытнага саюза. Цяпер Малочка збіраецца скардзіцца ў Дзяржаўны мытны камітэт і пракуратуру.

Апошнія навіны