BE RU EN

Кнігі пра Гіркіна прадаюцца са згоды адміністрацыі Лукашэнкі?

  • 23.08.2014, 12:54

Кніга адыёзнага расейскага пісьменніка Мікалая Палікарпава паступала на праверку ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Пра гэта «Радыё Свабода» распавёў мэнэджар маскоўскага выдавецтва Аляксей Кузняцоў, які выдаў біяграфію аднаго з верхаводаў тэрарыстаў у Данбасе Ігара Гіркіна.

«Украіна. Хаос і рэвалюцыя - зброя даляра», «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў - жах бандэраўскай хунты»- гэтыя і іншыя выданні бесперашкодна трапляюць у беларускія кнігарні. Расейскія выдаўцы называюць іх «хітамі продажаў» і кажуць, што ў кнігах «усё праўда».

Кнігі Мікалая Старыкава, расейскага пісьменніка і ідэолага Новаросіі, які падтрымлівае прарасейскіх сепаратыстаў ва Украіне, з'явіліся ў двух віцебскіх крамах - «Асвета» і «Равеснік».

У Беларусь кнігі, сярод якіх «Украіна. Хаос і рэвалюцыя - зброя даляра», «Хто фінансуе развал Расеі», трапляюць з расейскага выдавецкага дома «Піцер» праз пасярэдніцтва яго менскага прадстаўніцтва «Піцер-М».

Як адзначыла мэнэджар «Піцер-М» Галіна Васюк, менскі філіял не выбірае кнігі для распаўсюду ў Беларусі, а распаўсюджвае ўвесь асартымент расейскага выдавецтва.

«Усе кнігі, якія выходзяць у выдавецкім доме «Піцер», трапляюць на продаж у Беларусь, а таксама ва Украіну - ва ўсе філіялы выдавецкага дома», - кажа Галіна Васюк.

У адрозненне ад кнігі Міхаіла Палікарпава «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў - жах бандэраўскай хунты», выдадзенай маскоўскім выдавецтвам «Кніжны свет», ад распаўсюду якой пасля шматлікіх абурэнняў кліентаў адмовілася кнігарня oz.by, выданні аўтарства Мікалая Старыкава, на думку Галіны Васюк, больш стрыманыя і лаяльныя:

«У параўнанні з гэтай кнігай, нашы кнігі больш нейтральныя і цалкам лаяльныя, і ў нас няма ніякіх падстаў забараняць рэалізоўваць іх у Рэспубліцы Беларусь. Яны карыстаюцца вялікім попытам. Нехта ж павінен сказаць народу, што гэта такое. А гэта вельмі вядомы аўтар, гісторык. Яго кнігі набываюць з задавальненнем. Калі мы не даем гэтыя кнігі ў крамы, то ў нас іх патрабуюць, бо выдавецкі дом «Піцер» - старое і вядомае выдавецтва, якое не дазваляе сабе выдаваць скандальныя кнігі. У нас усё ў рамках палітычнай стрыманасці».

Пераважная большасць кніг Мікалая Старыкава выдадзеная выдавецтвам «Піцер» у спецыяльнай серыі «Мікалай Старыкаў раіць прачытаць».

Эксклюзіўнае прадстаўніцтва «Піцер-М» пастаўляе кнігі Мікалая Старыкава ва ўсе абласныя цэнтры Беларусі.

У Маскоўскім выдавецтве «Кніжны свет», дзе выйшла кніга Міхаіла Палікарпава «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў - жах бандэраўскай хунты», сказаць, хто пастаўляе кнігу ў Беларусь, не змаглі. «У нас няма пасярэднікаў, якія бяруць кнігі ў Беларусь наўпрост, - кажа мэнэджар выдавецтва Аляксей Кузняцоў. - Кнігі трапляюць туды праз дыстрыб'ютараў. У нас некалькі буйных дыстрыб'ютараў. Хто з іх і праз каго адпраўляе ў Беларусь, сказаць немагчыма. У нас няма дакументаў пра тое, якім чынам іншыя фірмы прадаюць кнігі».

Аляксей Кузняцоў сказаў, што ў выдавецтве не чулі пра скандал з кнігай Міхаіла Палікарпава ў Беларусі. «У нас ніякіх праблем з ёй няма. Яна ў хітах продажаў. Яе прадаюць як буйныя, так і дробныя крамы. Кніга Палікарпава нават паступала ў адміністрацыю прэзідэнта на праверку і ніякіх пытанняў не ўзнікла. Я проста не разумею, якая можа быць незадаволенасць, хто тыя людзі, якія напісалі незадаволеныя каментары на сайце oz.by. Аўтар кнігі добра ведае Стралкова, працаваў з ім. Кніга не занесеная ў спіс экстрэмісцкіх выданняў, і ў ёй няма нічога экстрэмісцкага. Гэта проста біяграфія. Вядома, цяпер літаратура такога роду можа выклікаць негатыўныя водгукі, але гэтыя водгукі маглі пісацца Дэярждэпам ЗША», - мяркуе Аляксей Кузняцоў.

Усяго выдавецтва «Кніжны свет» адгрузіла на рэалізацыю каля трох тысяч асобнікаў кнігі Міхаіла Палікарпава.

Апошнія навіны