BE RU EN

Крэмль замахнуўся на сімвал ЗША, але ударыў па расейскай кампаніі

  • 22.08.2014, 12:35

Расейскі «Макдональдс» толькі намінальна з'яўляецца часткай глабальнай сеткі рэстарацый.

Калі закрыццё Расспажыўнаглядам некалькіх «Макдональдсаў» у Маскве - сапраўды палітычны крок, то Крэмль, магчыма, сам сабе шкодзіць, накладваючы санкцыі на паспяховую расейскую кампанію, чые сувязі з ЗША нязначныя, піша The Christian Science Monitor (пераклад - Инопресса.ру).

«Згодна з адкрытымі крыніцамі і заявамі супрацоўнікаў, «Макдональдс у Расеі» - самастойная, зарэгістраваная ў Расеі кампанія, якая толькі намінальна з'яўляецца часткай глабальнай сеткі «Макдональдс», - тлумачыць журналіст Фрэд Уэйр. Яна была заснаваная канадскім прадпрымальнікам Джорджам Коханам і зрабілася адной з самых паспяховых у расейскім бізнэс-асяроддзі.

«У нас 39 тысяч супрацоўнікаў, і ўсе яны расейцы. Ніводзін экспатрыянт тут не працуе», - кажа афіцыйная прадстаўніца «Макдональдс у Расеі» Аксана Белайчук. Кампанія заўсёды рэінвеставала свае прыбыткі ўнутры краіны, яна ператварылася ў аднаго з найбуйнейшых уласнікаў нерухомасці ў Расеі, а таксама ў адную з самых хуткарослых фірмаў, гаворыцца ў артыкуле.

«Больш за 85% нашай прадукцыі вырабляецца з айчыннай сыравіны, забеспячэннем «Макдональдсаў» ва ўсёй краіне займаецца 160 расейскіх кампаній», - дадае Белайчук.

Што да прэтэнзій «Расспажыўнагляду», то адміністрацыя «Макдональдс» у Маскве заявіла, што вывучае канкрэтныя скаргі ўстановы і гатовая выправіць хібы, калі яны ёсць.

Дагэтуль «Макдональдсу» ўдавалася пазбягаць сур'ёзных палітычных канфліктаў у Расеі. Але ў сакавіку ім абурыліся правыя дэпутаты, калі яго «сястрынская кампанія», McDonald's Ukraine Ltd., наважыла закрыць тры сваіх рэстарацыі ў Крыме.

«Вакол нас поўна небяспекі для здароўя, у тым ліку ў чыста расейскіх прадуктах, - каментуе Дзмітрый Арэшкін, кіраўнік кансалтынгавай фірмы Mercator Group. - Але цяпер яны [чыноўнікі] ўзяліся абараняць святыя межы Айчыны ад гамбургераў, колы і іншага «ўплыву загнілага Захаду».

Апошнія навіны