BE RU EN

Егіпецкі праваабаронца: Спроба заблакаваць Хартыю'97 - параза рэжыму

  • 21.08.2014, 8:53

Людзі знойдуць тысячу спосабаў далей чытаць праўдзівыя навіны.

Пра гэта рэдакцыі сайта charter97.org распавёў егіпецкі праваабаронца, Ахмед Саміх Фараг, пісьменнік, палітычны актывіст, дырэктар праваабарончага інстытута «Andalus». Ён мяркуе, што ў сучасным свеце пры наяўнасць інтэрнэту ва ўладаў няма шанцаў заткнуць рот незалежным сродкам масавай інфармацыі, а кожная спроба блакавання гуляе супраць уладаў: гэта лішняя рэклама «небяспечнага» рэсурсу і чарговае прызнанне сілы паслання, што нясецца гэтым рэсурсам.

- Перш за ўсё, вы павінны разумець, што блакаванне «Хартыі'97» - гэта паказчык поспеху, а не знак паразы. Калі дзяржава душыць ваш голас - гэта значыць, што вы здольныя зачапіць людзей, якія думаюць і якія развіваюцца настолькі, што гэта здалося ўладам залішне небяспечным.

Я мяркую, што калі ўлады спрабуюць заткнуць рот беларускаму СМІ, якое знаходзіцца за мяжой і дамагаецца пазітыўных зменаў у сваёй краіне - гэта не абвяшчэнне вайны, гэта абвяшчэнне паразы з боку рэжыму. Улады не могуць выкарыстоўваць дзяржаўныя СМІ, каб аспрэчыць вашыя ідэі, бо Лукашэнка не верыць у тое, што ён можа пераканаць аўдыторыю ў тым, што тое, што вы кажаце - няпраўда, альбо не мае значэнне. Наадварот, вашая палітыка была настолькі моцнай і значнай, што яна пракралася вельмі глыбока ў галовы беларусаў. І гэта дало дыктатару адчуванне, што вы ўяўляеце сур'ёзную пагрозу для ягонай палітычнай пазіцыі.

- Цяпер рэсурс ужо даступны, аднак блакаванне можа паўтарыцца ў кожны момант. Гэта мог быць, так бы мовіць, «пробны шар»...

- Добра вядома, што ў інтэрнэце няма нічога, што называлася б «татальным блакаваннем» або «поўнай забаронай». Існуе тысяча спосабаў абысці блакаванне і цэнзуру ў інтэрнэце, і я ўпэўнены, што вашая аўдыторыя досыць разумная для таго, каб знайсці вас у інтэрнэце нават у выпадку чарговага блакавання. Яны знойдуць іншыя шляхі сувязі з вамі, знойдуць магчымасць пачуць ваш голас.

- Ці бачыце вы сувязь таго, што адбываецца ў Беларусі з тым, што адбываецца ў Егіпце?

- Вядома, вашая палітычная сітуацыя моцна звязаная з тым, што адбывалася на Майдане, а таксама на Тахрыры і ў Тунісе. Гэтыя дыктатарскія палітычныя сілы наўпрост звязаныя з Расеяй. Усе гэтыя ўрады спрабуюць трымацца разам, каб пазбегнуць рэвалюцый у сваіх краінах. На мінулым тыдні генерал Сісі, цяперашні кіраўнік Егіпта, наведаў Расею - і яны з Пуціным знайшлі шмат агульных тэм для размоў. Яны вельмі добра адзін аднаго разумеюць, таму што ў іх адная і тая ж рэальнасць: яны ведаюць, што людзі могуць паўстаць у кожны момант, калі ім нешта не спадабаецца, - і цалкам змяніць палітычную гульню.

- Што б вы параілі рабіць незалежным інтэрнэт-рэсурсам у Беларусі?

- Беларуская дыктатура і гэты канкрэтны выпадак блакавання папулярнага незалежнага інтэрнэт-рэсурсу - гэта прыклад таго, як шакаваная ўлада сама сябе заганяе ў кут. Яны не заганяюць вас у кут, хоць ім так і падаецца. Напраўду слабое звяно - гэта дыктатар Лукашэнка. Ён мае патрэбу ў гэтых блакадах і забаронах, таму што хоча быць упэўнены, што вы не зможаце яго перамагчы.

На вашым месцы, я б прадоўжыў працу, развіваючы і паляпшаючы яе якасць, не перастаючы перадаваць пасланне аб наспелых зменах у краіне, пакуль гэтыя змены не наступяць.

Апошнія навіны