BE RU EN

Генпракуратура Украіны распачала справу супраць Сіманенкі

  • 15.08.2014, 17:24

Праваахоўныя органы расследуюць выказванні лідэра камуністаў аб замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Старшыня Камуністычнай партыі Украіны Пётр Сіманенка заявіў, што Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць яго ў падазрэнні сепаратызму. Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі ў пятніцу, 15 жніўня, паведамляе прэс-служба КПУ.

"Генеральная пракуратура, распачала крымінальную справу супраць мяне, абвінавачваючы ў сепаратызме за мае выступы ў парламенце", - сказаў Сіманенка. Ён распавёў, што адпаведную інфармацыю яму агучыў 14 жніўня прадстаўнік Мінюста.

Сам Сіманенка сцвярджае, што ягоны выступ у Радзе "спецыяльна скрыўляецца", а асобныя фразы вырываюцца з кантэксту.

У Генпракуратуры пацвердзілі, што лідэр КПУ Сіманенка фігуруе ў крымінальнай справе ў сувязі з заклікамі да зрынання канстытуцыйнага ладу і прапагандай агрэсіі, піша "Інтэрфакс-Украіна".

Пры гэтым адзначана, што справу расследуе пракуратура Кіева ў сувязі з заявамі Сіманенкі на шэрагу тэлеканалаў, у якіх гучалі заклікі да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу.

"Пракуратура Кіева яшчэ 17 чэрвеня распачала справу паводле ч.3 арт.109 (дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне і зрынанне канстытуцыйнага ладу, захоп дзяржаўнай улады) і ч.2 арт.110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны) Крымінальнага кодэкса Украіны", - патлумачылі ў ГПУ.

У той жа час, у прэс-службе пракуратуры Кіева ўдакладнілі, што лідэра Кампартыі не апавяшчалі аб падазрэнні ва ўчыненні паказанага злачынства.

Апошнія навіны