Канвой Пуціна спыніўся ў полі ля межаў Украіны
- 14.08.2014, 15:51
Аўтакалона спынілася ў 30 кіламетрах ад расейска-ўкраінскай мяжы.
Пра гэта паведаміў у сваім акаўнце журналіст Том Бартан, які суправаджае канвой на ўласным аўтамабілі.
«Грузавікі павярнулі да мяжы, але цяпер спыніліся. Экіпажы прымаюць душ. Адзін [з кіроўцаў] сказаў, што гэта толькі кароткі перапынак, але я не ўпэўнены», - піша ён.
Журналістка Financial Times Кортні Уівер паведамляе, што гуманітарны канвой суправаджаюць вайсковыя верталёты, а таксама іншая вайсковая тэхніка.
Хутчэй за ўсё, канвой збіраецца перасекчы мяжу Украіны на КПП «Далжанскі», які знаходзіцца пад кантролем баевікоў.
Калона з гуманітарным грузам у складзе 262 грузавікоў адправілася 12 жніўня ў бок Украіны з Падмаскоўя. Пводле звестак расейскага МЗС, у Данбас адпраўленыя грузы агульнай вагой 1809,9 т, у тым ліку 400 т круп, 340 т мясных кансерваў, 100 т цукру.
Позна ўвечары ў сераду намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы сцвярджаў, што расейскі гуманітарны канвой спрабаваў прарвацца на тэрыторыю Украіны.
Некаторыя крыніцы, у прыватнасці «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрыя Тымчука, паведамляюць, што адначасова з канвоем Расея падцягвае да мяжы з Украінай вайсковую тэхніку.