Прэм'ера кліпа Майкла Джэксана прайшла ў «Твітэры»
- 14.08.2014, 10:20
Гэта падзея стала першай прэм'ерай музычнага відэа ў гэтай сацыяльнай сетцы.
Прэм'ера відэакліпа на песню A Place With No Name з пасмяротнага альбома Майкла Джэксана Xscape адбылася ў сацыяльнай сетцы Twitter у чацвер 14 жніўня 2014.
Гэтая падзея стала першай прэм'ерай музычнага відэа ў гэтай сацыяльнай сетцы. Адначасова з твітэр-прэм'ерай, кліп паказалі на экране Sony Screen на плошчы Таймс-сквер у Нью-Ёрку, піша Lenta.ru.
A Place With No Name Джэксан запісаў у 1998 годзе, пад уражаннем ад хіта гурта America 1972 года, які называўся A Horse With No Name. Выйшла песня толькі ў 2014, у пасмяротным альбоме Xscape.
Аўтарам кліпа стаў Сэмюэл Бэер (Samuel Bayer), які зняў Smells Like Teen Spirit для гурта Nirvana, Angels для Робі Уільямса і What Goes Around...Comes Around для Джасціна Тымберлэйка. У ролік увайшлі кадры, знятыя ў 1992 годзе падчас стварэння відэа на песню In The Closet.