BE RU EN

Беларусаў прымусяць ездзіць на «Жыгулях»

  • 14.08.2014, 2:33

АўтаВАЗ хоча заняць дзесяціадсоткавую дзель аўтамабільнага рынку Беларусі.

Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі для беларускіх журналістаў прэзідэнт АўтаВАЗу Бу Інге Андэрсан, які знаходзіцца ў Беларусі з двухдзённым рабочым візітам. Са слоў Андэрсана, рынак Беларусі надзвычай важны для АўтаВАЗу.

"У Расеі і Беларусі доўгая і слаўная агульная гісторыя, - падкрэсліў прэзідэнт. - Таму ў 2015 годзе мы падымем нашу дзель тут з цяперашніх 6% да 10% рынку. Для гэтага мы, па-першае, павінны прапанаваць мясцовым спажыўцам правільныя прадукты канкурэнтаздольным коштам. Па-другое, мы абавязаныя вярнуць людзям гонар за брэнд LADA. Мы павінны выразна растлумачыць людзям - лепш купляць новую LADA, чым трохгадовы ўжываны замежны легкавік за той жа кошт".

Адказваючы на пытанне пра перспектывы зборкі LADA ў Беларусі, Бу Андэрсан адказаў: "Сённяшнія аб'ёмы продажаў (800 аўтамабіляў за першае паўгоддзе 2014 ці 6% рынку) і аб'ёмы бліжэйшага будучага (10% рынку) не дазваляюць казаць аб эканамічнай мэтазгоднасці мясцовай зборкі. Аднак мы маем намер больш шчыльна працаваць з мясцовымі пастаўнікамі. Калі база мясцовых пастаўнікоў будзе канкурэнтнай, то наступнай мэтай стане 20% рынку Беларусі. З іншага боку, калі ўрад краіны размесціць у нас істотную замову, і, пры гэтым, паставіць умовай мясцовую зборку, мы разгледзім гэтую перспектыву, але для пачатку мы павінны такую замову атрымаць".

Кажучы аб канкурэнцыі з іншымі маркамі на рынку Беларусі, прэзідэнт АўтаВАЗу паведаміў, што ён яе не баіцца.

"У Расеі мы штодня канкуруем з Renault, Nissan, Volkswagen, Skoda, Hyundai, Kia. Тут, у Беларусі я адзначаю рост Geely і Toyota. Але я не бачу прычын, з якіх мы не можам з імі канкураваць. Мне б хацелася мець у Беларусі вялікую ступень лакалізацыі LADA, чым у Geely або Toyota, або вялікую базу пастаўнікоў. Так што, пачнем мы з 10% дзелі мясцовага рынку".

Каментуючы паляпшэнні ў аўтамабілях LADA за апошнія паўгода, Бу Андэрсан падкрэсліў: "На аўтамабілях Granta, напрыклад, мы развязалі праблему замкання задніх дзвярэй. Для гэтага мы палепшылі стабільнасць кузава, замянілі ўшчыльняльнік і сам замок. Была праблемы з уключэннем задняй перадачы, мы яе развязалі . Была праблема з пераключэннем з 2 перадачы на 3-ю, мы яе таксама развязалі. Былі праблемы з шумамі - мы знізілі колькасць нараканняў на 50%. Тры месяцы таму мы арганізавалі цэнтр задаволенасці спажыўцоў. Кожны дзень яго спецыялісты праглядаюць сайты, маюць стасункі з пакупнікамі, з дылерамі і развязваюць усе праблемы, якія ўзнікаюць".

Кажучы пра перспектывы АўтаВАЗу ў бліжэйшыя гады, прэзідэнт вылучыў асобна 2016.

"Чаму 2016? Таму што гэта будзе першы год, калі LADA цалкам атрымае ўсе перавагі ад альянсу Renault-Nissan. Мы пачнем вытворчасць аўтамабіляў XRAY і XRAY Cross. Абодва гэтыя аўтамабілі распрацаваныя на платформе Renault, але з унікальным дызайнам LADA. Мы атрымаем усю выгаду ад агульных камплектуючых. Цалкам акупяцца інвестыцыі ў лінію B0. Усе аўтамабілі будуць пераведзены ў новы цэх зваркі, новы цэх афарбоўкі і новы цэх зборкі. Так што, 2016 будзе найважнейшым годам - у нас будуць новыя прадукты, 20% дзелі рынку, падвоены аб'ём экспарту".

Апошнія навіны