У Менску з'явіцца больш веладарожак
- 12.08.2014, 11:26
Работы для мадэрнізацыі ходнікаў закончацца да наступнага сезона.
Пра гэта, як перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны», паведаміў першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў на аператыўнай нарадзе ў Менскім гарадскім выканаўчым камітэце.
Работы для мадэрнізацыі ходнікаў закончаць да наступнага сезона. Адцінкі, якія можна абсталяваць пад веладарожкі, знаходзяцца ў розных раёнах горада, адасоблена, у перспектыве іх звяжуць ў адзіную сетку.
На гэта выдаткуюць 700 мільёнаў рублёў.
Бліжэйшыя месяцы таксама абновяць веларазметку на пр.Партызанскім, вул.Каржанеўскага і Аэрадромнай. Пра гэта распавёў выканаўца абавязкаў начальніка ўправы спорту і турызму Менгарвыканкама Валянцін Баравок. Ён нагадаў, што месяц таму ў кожным раёне былі створаныя рабочыя групы для развіцця веларуху, якія абследавалі тэрыторыі, вызначылі месцы, дзе трэба ліквідаваць хібы: нанесці разметку, усталяваць знакі, панізіць бардзюрны камень. У некаторых раёнах гэтыя працы ўжо выкананыя, у іншых Уладзімір Кухараў даручыў выправіць сітуацыю да наступнага тыдня.
Першы намеснік старшыні Менгарвыканкама таксама паставіў задачу супрацоўнікам управы спорту і турызму падаць на наступным тыдні прапановы, як зрабіць велашпацыры бяспечнымі для пешаходаў. «На жаль, у нас цяпер дарожка пачала ператварацца ў велатрэк. Шмат людзей едуць туды пазаймацца актыўна спортам, а шмат хто - проста панасіцца», - адзначыў ён.
Фота: БелТА