BE RU EN

Лукашэнка не гатовы адмовіцца ад імпартных далікатэсаў

  • 11.08.2014, 18:04

Беларусь не плануе адмаўляцца ад закупак імпартнага харчавання для ўнутранага рынку.

Пра гэта заявіў Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

"Што тычыцца нашага ўнутранага рынку, мы асобна абгаварылі гэтае пытанне. Гэта наша ўнутраная справа. Патрэбныя нам польскія яблыкі - мы купляем, але не для Расеі, а для ўнутранага рынку. Патрэбны нейкія нямецкія далікатэсы - таксама набываем для ўнутранага спажывання", - сказаў ён, прымаючы ў панядзелак з дакладам прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча.

Лукашэнка таксама дадаў, што рэспубліка працягне закупляць па імпарту сыравіну для харчовай прамысловасці, калі гэта будзе неабходна. "Трэба нам штосьці перапрацоўваць - мы купляем і перапрацоўваем, - растлумачыў дыктатар. - У сувязі з гэтым мы павінны быць сумленныя, і, як абяцалі, вельмі прыстойна праводзіць палітыку ў дачыненні да Расеі".

Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна выканаць свае абавязацельствы ў абароне рынку "саюзнай дзяржавы" пры транзіце праз сваю тэрыторыю тавараў у Расею.

"Размаўляючы з прэзідэнтам Расеі, мы вялі размову аб абароне, як ён сказаў, расейскага рынку. Гэта значыць, мы павінны выканаць свае абавязацельствы ў абароне саюзнага рынку (у нас адзіная мытня ў мытнай прасторы) у частцы транзіту грузаў з захаду праз Беларусь на расейскую тэрыторыю, - сказаў Лукашэнка, - Калі Расея закрыла свой рынак для пэўных тавараў, то мы гэтыя тавары транзітам праз Беларусь у Расею прапускаць не павінны".

Наконт пытанняў транзіту з іншых краін праз Беларусь у РФ тавараў, ён падкрэсліў, што Беларусь прытрымліваецца ў гэтым пытанні дамоўленасцей, дасягнутых падчас апошняй тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

Апошнія навіны