BE RU EN

Суддзя Матыль - актывісту: «Я ведаю, што вы прызнаеце сваю віну»

  • 11.08.2014, 15:37

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці таемнага затрымання актывіста "Альтэрнатывы" Алега Кероля 5 жніўня.

У гэты дзень Алег меў намер дапамагчы маці Іллі Дабратвора, які адбывае адміністрацыйны арышт у следчым ізалятары на Акрэсціна, перадаць перадачу. У першай палове дня да брамы следчага ізалятара пад'ехаў міліцэйскі аўтамабіль, выбеглі некалькі амапаўцаў, якія беспадстаўна, не тлумачачы прычын, схапілі актывіста і, пасадзіўшы ў аўтамабіль, адвезлі ў Маскоўскі РУУС сталіцы. Кераль пры гэтым пазнаў аднаго з супрацоўнікаў міліцыі, які затрымліваў яго і раней, у траўні гэтага года, піша ПЦ "Вясна".

У РУУС былі складзеныя "традыцыйныя джэнтэльменскія" пратаколы - "дробнае хуліганства" (арт. 17.1 КаАП) і "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі" (арт. 23.4 КаАП).

У судзе Маскоўскага раёна справу павінна была разглядаць суддзя Таццяна Матыль, якая да самага вечара так і не вызвалілася ад іншых судовых пасяджэнняў.

Затым Кераля зноў адвезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе пратакол адміністрацыйнага правапарушэння (дробнае хуліганства) быў перапісаны нанава, а другі пратакол аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі знік зусім.

6 жніўня суддзя Таццяна Матыль хутка правяла судовае паседжанне, не дазволіўшы Алегу Кералю выказацца ў судзе наконт справы, каментуючы гэта так: "Я ведаю, што вы прызнаеце сваю віну". Гэтак жа хутка абуранаму гэтай цынічным заявай актывісту была выдадзеная загадзя падрыхтаваная пастанова аб адміністрацыйным арышце на 10 дзён.

Апошнія навіны