BE RU EN

Заходнія санкцыі супраць Расеі ўдараць па Беларусі (Відэа)

  • 1.08.2014, 8:44

Страты для беларускай эканомікі будуць вельмі адчувальныя.

Новыя санкцыі ЕЗ і ЗША супраць Масквы пачынаюць дзейнічаць. Сёння ўваходзіць у дзеянне «чорны спіс», павялічаны напярэдадні Брусэлем. У ім - 95 прозвішчаў расейскіх чыноўнікаў і ўкраінскіх сэпаратыстаў, якія маюць дачыненне да распальвання канфлікту ў Данбасе. Таксама - 23 кампаніі, сярод якіх банкавыя, вытворчыя і сэрвісныя ўстановы. Акрамя гэтага, абмежаванні супраць расейскіх чыноўнікаў і кампаній увялі ЗША, Канада і Японія. І хоць захады закранаюць Расею, яны прымусілі задумацца і беларусаў, паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Таварнае абарачэнне ў нас з Расеяй, напэўна, досыць вялікае. Так? Магчыма, яно зменіцца неяк, знізіцца, мусібыць. Я думаю, што гэта нам нявыгадна», - кажа жыхарка Менска.

«Калі ў Расеі будуць складанасці з эканомікай, калі будуць цяжкасці ў сувязі з санкцыямі, то і для нас будзе дрэнна», - згаджаецца іншы жыхар беларускай сталіцы.

Гэтую заклапочанасць пацвярджаюць і экспэрты. Яны нагадваюць: Расея - фактычна асноўны фундатар для беларускай эканомікі і асноўны рынак збыту.

«Калі цяжар на расейскі бюджэт павялічыцца, а гэта блізу 100 мільярдаў даляраў страт за год, частка гэтых страт будзе перакладзеная і на Беларусь у выглядзе неатрыманых крэдытаў і праз страты продажу беларускіх тавараў», - кажа эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Сапраўды, таварнае абарачэнне з нашай усходняй суседкай - найбольшае. Але, акрамя гандлю, Беларусь будуе з Расеяй і маштабны інтэграцыйны праект. І таму санкцыі супраць Масквы могуць стаць санкцыямі і супраць Менску.

«Палова экспарту ідзе не толькі ў Расею, але і на Захад. І вось тут нам можа ўжо быць кепска. Бо гэтыя санкцыі нам пакуль нічога не перацінаюць. Расейскі рынак ад нас не адсякаецца. Але ў пэрспэктыве ад нас можа быць адцяты еўрапейскі рынак, і гэта можа быць значна горш», - мяркуе эканаміст Міхаіл Залескі.

Ужо цяпер санкцыі супраць кіраўніцтва Крамля адбіваюцца на некаторых беларускіх турыстычных аператарах і на іх кліентах. У прыватнасці, блакуюцца грашовыя пералічэнні за мяжу праз банкі з расейскім капіталам. І гэта можа быць толькі пачатак.

«Наступствы санкцый беларуская эканоміка будзе адчуваць усё мацней. І калі сёлета будзе амаль неадчувальна, то ўжо праз год-два страты для нашай эканомікі будуць вельмі адчувальныя», - адзначае Аляксандр Сінкевіч.

Пры гэтым прагнозы для расейскай эканомікі - негатыўныя. Эканамісты раяць рыхтавацца да падзення курсу расейскага рубля, зніжэння росту эканомікі і, адпаведна, да падзення ўзроўню жыцця. А з галоўным партнёрам з Мытнага саюзу мы звязаныя вельмі моцна.

Апошнія навіны