BE RU EN

Украінскі жаўнер адзін адбіваў атаку баевікоў, ратуючы сяброў (Відэа)

  • 9.07.2014, 16:01

21-гадовы радавы Андрэй Абросімаў загінуў на Данеччыне ад кулі снайпера.

Пасмяротна ён атрымаў ордэн за мужнасць трэцяй ступені і вечную славу героя.

Ён адзін адбіваў нечаканую атаку тэрарыстаў на блок-пасце, каб яго таварышы паспелі забраць зброю з намётаў і выкарыстаць дзве бранаваныя машыны, піша ТСН.

Маці загінулага кажа, што ён быў звычайным няўрымслівым дзіцем, на што часта скардзіліся настаўнікі, і паспяхова займаўся кікбоксам. Пасля тэрміновай службы Андрэй уладкаваўся ахоўнікам у супермаркет. Але хацеў вярнуцца ў войска на кантрактную службу. Сябры спрабавалі ўгаварыць яго не ісці ў ваенкамат, калі пачалася мабілізацыя. Зрэшты, той не паслухаў. Маму супакойваў, што там, дзе ён служыць, усё спакойна. І толькі падчас пахавання яна даведалася, што яго блок-пост абстрэльвалі ледзь не кожную ноч. А напярэдадні нападу там з'явіліся двое і прапанавалі жаўнерам транспарт і гарантыю бяспекі, калі тыя пакінуць блок-пост і аддадуць зброю. Андрэй тады сказаў ім вымятацца, а ўжо на наступны дзень блок-пост атакавалі некалькі дзесяткаў баявікоў.

Ён адстрэльваўся сам, пакуль яго таварышы займалі баявыя пазіцыі. Снайперская куля трапіла яму ў галаву, калі ён мяняў ражок аўтамата. Атаку тэрарыстаў байцы адбілі.

Калі Андрэя хавалі ў ягоным родным Паўлаградзе, яны прызналіся, што ў тым баі ягоная імгненная рэакцыя, надзвычайная рашучасць і смеласць выратавалі жыццё ім усім.

Апошнія навіны