BE RU EN

Падатковай не даюць спакою тыя, «што жывуць не адпаведна сродкам»

  • 9.07.2014, 13:44

Улады ўзмоцняць кантроль за купляй валюты і будуць змагацца з заробкам «у канвертах».

МПЗ ініцыявала ўнясенне змен у Падатковы кодэкс, якія ўстанаўляюць правы падатковых органаў на атрыманне інфармацыі аб набыцці грамадзянамі замежнай валюты ў банках Беларусі.

Пра гэта паведаміў сёння ў часе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА міністр падаткаў і збораў Беларусі Уладзімір Палуян.

«Атрыманне такой інфармацыі дазволіць падатковым органам падвысіць дзейснасць кантролю за адпаведнасцю выдаткаў і прыбыткаў грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не атрымліваюць даходаў з афіцыйных крыніц альбо якія атрымліваюць іх у нязначных сумах», - растлумачыў міністр.

Апошнім часам у поле зроку праваахоўных і падатковых органаў трапілі асобы, якія пры адсутнасці легальных даходаў набывалі значныя сумы гатовай замежнай валюты ў беларускіх банках. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў аб куплі асобнымі асобамі замежнай валюты падатковыя органы выявілі перавышэнне выдаткаў такіх асоб над фактычна атрыманымі прыбыткамі. З непацверджаных даходаў такім грамадзянам выстаўлена на выплату больш за Br400 млн падаткаў.

Таксама Міністэрствам падаткаў і збораў Беларусі супольна з Мінпрацы, Мінэканомікі, Мінфінам падрыхтаваны і ўнесены на разгляд у Савет Міністраў праект указа аб барацьбе з заробкам «у канвертах».

«Прыняцце заканадаўчага акта кіраўніком дзяржавы выведзе барацьбу з выплатай заробку» ў канвертах» на дзяржаўны ўзровень, дазволіць далучыцца да барацьбы падатковых органаў з гэтай негатыўнай з'явай у эканоміцы таксама супрацоўнікаў праваахоўных, кантрольных органаў», - адзначыў міністр.

Акрамя таго, цяпер падатковыя і праваахоўныя органы праводзяць кантрольныя дзеянні для выяўлення крыніц прыбыткаў у дачыненні да пенсіянера, які на працягу 2012-2013 гадоў набыў у беларускіх банках больш за $ 5 млн. З улікам таго што гэтая асоба не здолела пацвердзіць крыніцы сваіх даходаў, ёй выстаўлены да выплаты падатак у суме Br5,7 млрд, а матэрыялы праверкі перададзены ў праваахоўныя органы для разгляду пытання аб наяўнасці ў яе дзеяннях складу крымінальнага злачынства.

«Цяпер большасць банкаў адмаўляе ў выдачы інфармацыі аб набыцці грамадзянамі замежнай валюты, матывуючы адсутнасцю ў падатковых органаў паўнамоцтваў на атрыманне звестак, якія складаюць банкавую таямніцу фізічных асоб», - адзначыў міністр.

Апошнія навіны