BE RU EN

Новага падаражання бензіну доўга чакаць не прыйдзецца (Відэа)

  • 9.07.2014, 10:49

Учорашняе падаражанне паліва - першае ў гэтым годзе, але далёка не апошняе.

Бензакалонкі ўчора памянялі цэннікі. Натуральна, у бок павелічэння. Аб падаражанні паліва з 8 ліпеня ў сярэднім на 5%, гэта значыць практычна 500 рублёў за літр, абвясціў канцэрн «Белнафтахім», манапаліст у Беларусі ў фарміраванні адпускных цэн на нафтапрадукты, паведамляе «Белсат».

Паводле новых тарыфаў літр бензіну Аі-92 цяпер каштуе 9300 рублёў, Аі-95 - 10 000, самае таннае дызпаліва - 10 100. У «Белнафтахіме» рост коштаў тлумачаць падзеннем курсу беларускага рубля ў дачыненні да замежных валют, а таксама неабходнасцю «паэтапнага збліжэння коштаў на паліва ў Беларусі і Расеі».

У рамках існуючай эканамічнай сістэмы, мяркуюць эксперты, такія аргументы цалкам аб'ектыўныя, але ёсць і іншыя прычыны.

«Галоўная прычына - гэта недахоп грошай у бюджэце, і гэты недахоп улады імкнуцца кампенсаваць усякім чынам, не толькі за кошт крэдытаў, прыватызацыі, якая пакуль ідзе абы-як, але і за кошт насельніцтва», - кажа эканаміст Леў Марголін.

Падаражанне паліва - заўсёды новы віток інфляцыі, паколькі ў канчатковы кошт любых паслуг і прадукцыі закладзены кошт нафтапрадуктаў.

Падаражанне паліва - першае ў гэтым годзе, але апошняе?

Эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак заяўляе, што падвышэнне коштаў на паліва наважылі правесці ў некалькі этапаў.

«Разглядаўся яшчэ адзін аргумент - падвышэнне акцызнага падатку на нафтапрадукты. Я ведаю, што гэта ў пакеце разглядалася. І трэба было меркаваць, што падвышэнне адбылося б прыкладна на 10%, але ўрад не пагадзіўся і пастанавіў пайсці на падвышэнне ў два этапы», - кажа Таццяна Манёнак.

Новага падвышэння коштаў можна чакаць ужо бліжэйшым часам, яшчэ перад пачаткам уборачнай кампаніі, кажуць экспэрты. Так «Белнафтахім» паспрабуе скампенсаваць хоць бы частку страт, якія айчынныя НПЗ нясуць ад продажу паліва сельскагаспадарчым прадпрыемствам па льготных цэнах.

Апошнія навіны