BE RU EN

За расстрэл украінскіх вайскоўцаў тэрарыстам давалі расейскія ордэны

  • 6.07.2014, 13:53

СБУ затрымала тэрарыстаў, якія расстрэльвалі вайскоўцаў пад Славянскам.

5 ліпеня Дэпартаментам контрвыведкі СБУ падчас спецаперацыі на тэрыторыі Славянскага раёна была ліквідаваная тэрарыстычная група баевікоў, якая ўчыняла ўзброеныя напады на вайскоўцаў АТА і знішчала ўкраінскую вайсковую тэхніку.

Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.

Паводле паведамлення, падчас спецаперацыі затрыманыя чатыры чальцы гэтай групы, якая дзейнічала ў тыле сіл АТА, у тым ліку, яе важак на мянушку «Качагар» - Невара Яўген Васільевіч, 01.04.1967 г.н., і Быстрыцкі Уладзімір Сяргеевіч, 12.01.1979 г.н. на мянушку «Архар».

Тактыка дзеянняў названай групы палягала ў арганізацыі пастак для калоны ўкраінскай вайсковай тэхнікі. Устаноўлена, што гэтая тэрарыстычная група на тэрыторыі Славянскага раёна ўчыніла шэраг тэрарыстычных актаў, у прыватнасці, знішчыла 1 БМП, 3 БТР, 8 аўтамабіляў «Урал» і «Хамер» Узброеных Сіл Украіны. Гэтыя тэрарысты датычныя да нападаў з выкарыстаннем аўтаматычнай стралковай зброі і гранатамётаў на вайскоўцаў сіл АТА, у выніку чаго загінулі і атрымалі раны дзесяткі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Устаноўлена, што менавіта гэтыя баевікі ўзарвалі чыгунку на перагоне станцый Букіна-Святагорск.

«Свае злачынныя дзеянні бандыты фіксавалі на відэа для справаздачы перад сваімі расейскімі важакамі. Супрацьпраўная дзейнасць злачынцаў высока ацэньвалася куратарамі з Расейскай Федэрацыі: «Качагар» і чальцы ягонай групы атрымлівалі значныя грашовыя ўзнагароды за знішчэнне ўкраінскіх сілавікоў і баявой тэхнікі.

28 чэрвеня «Качагар» і «Архар» загадам Стралкова (Гіркіна), вядомага як «Стралок», адзначаныя ўзнагародамі Расейскай Федэрацыі - «Георгіеўскім крыжам ІV класа». Узнагароды тэрарыстам уручаў асабіста «Стралок» у сваім штабе ў г.Славянску. Падчас правядзення спецаперацыі у тэрарыстаў канфіскаваная аўтаматычная зброя, снайперская вінтоўка, рэактыўны супрацьтанкавы гранатамёт, ручны супрацьтанкавы гранатамёт, гранаты, цеплавізар, боепрыпасы і выбухоўка. Цяпер праводзяцца мерапрыемствы для выяўлення месцазнаходжання, затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці іншых удзельнікаў тэрарыстычнай групы», сказана ў паведамленні.

Апошнія навіны