BE RU EN

Дэпутатаў Еўрапарламэнта заклікалі ўзяць палітычную апеку над беларускімі палітвязнямі

  • 4.07.2014, 10:55

Гэта можа выратаваць палітвязняў ад яшчэ больш ціску.

Дэпутаты Еўрапарламэнта Пятрас Аўштравічус (Літва) і Ганс ван Баален (Нідэрланды) звярнуліся да калегаў - еўрапейскіх парламэнтароў з заклікам узяць палітычную апеку над беларускімі палітвязнямі.

У іх звароце, змешчаным 2 ліпеня на сайце фракцыі Еўрапарламэнта "Альянс лібералаў і дэмакратаў", адзначаецца: "Мы вітаем нядаўняе вызваленне Алеся Бяляцкага - мабыць, найбольш вядомага з палітычных зняволеных, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. Асабовы выпадак сп.Бяляцкага і бесперапыннае здушэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі патрабуюць нязменнай падтрымкі з боку еўрапейскіх палітыкаў і лідэраў ", паведамляе БелаПАН.

Аўштравічус і ван Баален заклікаюць зноў абраных дэпутатаў Еўрапейскага парламэнта і палітычныя фракцыі ЕП "узяць на сябе палітычную апеку над адным з беларускіх палітвязняў - над гуманітарнай сітуацыяй, у якой ён знаходзіцца, захаваннем ягоных правоў і свабод".

"Сімвалічны жэст такога характару стане крокам на доўгім шляху да падтрымання дасведчанасці аб разбуральнай прыродзе рэжыму Лукашэнкі для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Палітычная апека таксама дае надзею і падымае дух родным і блізкім тых затрыманых актывістаў, якія часта апынаюцца пад ціскам з боку рэжыму", - мяркуюць еўрадэпутаты.

Выбары ў Еўрапарламэнт прайшлі ва ўсіх краінах ЕЗ 22-25 траўня. Першае месца заняла правацэнтрысцкая Еўрапейская народная партыя, якая набрала 28% галасоў выбаршчыкаў. На другім месцы - левацэнтрысцкі Прагрэсіўны альянс дэмакратаў і сацыялістаў, на трэцім - Альянс лібералаў і дэмакратаў.

Старшынём Еўрапарламэнту 1 ліпеня быў пераабраны лідэр сацыял-дэмакратаў Марцін Шульц.

Апошнія навіны