BE RU EN

Экспэрымэнт падчас вайны

  • 4.07.2014, 8:51

Каму Парашэнка даверыў сілавікоў?

Пытанняў няма толькі да новага начальніка Генштаба Віктара Мужэнкі. Выбар прэзідэнтам Украіны куратара сілавікоў і новага міністра абароны зразумелі не ўсе, піша ЛІГАБізнесІнформ.

2 ліпеня Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ўнесеную прэзідэнтам кандыдатуру міліцэйскага генерал-палкоўніка Валерыя Гелетэя на пасаду міністра абароны Украіны. За прызначэнне Гелетэя прагаласавалі 260 народных дэпутатаў. У гэты ж дзень Пётр Парашэнка прызначыў генерал-лейтэнанта Віктара Мужэнку начальнікам Генэральнага штаба, пасля чаго выдаў указ аб прызначэнні мільярдэра Юрыя Касюка першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта - куратарам сілавога блока.

З трох ключавых прызначэнняў толькі адно - баявы генэрал Мужэнка ў Генштаб - не выклікае пытанняў у частцы досведу і кампетэнцыі. Міністэрствам абароны ваеннай краіны будзе кіраваць міліцыянт, а за сілавы блок у прэзідэнцкай Адміністрацыі будзе адказваць вялікі бізнэсовец.

Журналісты звярнуліся да паліттэхнолагаў і вайскоўцам з просьбай пракамэнтаваць сённяшнія прызначэнні ў Мінабароны і на Банкавай.

Тарас Беразавец, паліттэхнолаг:

- Парашэнка зразумеў, што калі пакінуць Коваля міністрам абароны, то ён заўтра стане народным героем, а адтуль просты шлях у палітыку. Паколькі АТА знаходзіцца на фінішы, на месца Коваля быў прызначаны чалавек без палітычных амбіцый, больш за тое, асабісты сябар прэзідэнта. Галоўны мінус гэтага прызначэння - гэта тое, што Гелетэй ніякага дачынення да войска не мае і ўспрымаецца вайскоўцамі як міліцыянт.

Да прызначэння Мужэнкі ў Генштаб пытанняў няма - гэта баявы афіцэр, ён знаходзіцца ў штабе АТА і ён давядзе аперацыю да пераможнага канца.

Касюк - гэта паказчык таго, што ў Парашэнкі ёсць дзве кадравыя крыніцы: альбо экс-«Наша Украіна», альбо бізнэс. Касюк будзе адсочваць усе небяспечныя для ўлады тэндэнцыі росту папулярнасці вайскоўцаў ды сілавікоў і на часе лакалізоўваць занадта самастойных і яскравых.

Анатоль Грыцэнка, экс-міністр абароны:

- Коратка: у Адміністрацыі прэзідэнта адказны за рэформы ў войску з гэтага часу - мільярдэр са спісу Forbes, уладальнік "Нашай Рабы". Бізнэс і ўлада ў нас "існуюць асобна", вядома. Як і ў выпадку з іншым мільярдэрам - цяперашнім Вярхоўным Гетманам.

Што да Гелетэя, то гэта міліцыянт з больш чым імклівай кар'ерай - ад палкоўніка да генерал-палкоўніка за паўтары гады. Ва Украіне я мог бы назваць больш за пяцьдзесят кандыдатаў на кіраўніка Мінабароны, магутных і больш прафесійных, чым Гелетэй.

Тэндэнцыя кадравай палітыкі "па-новаму" ўжо стала зразумелай: за прэзідэнтам Парашэнкам галоўным банкірам, галоўным пракурорам, галоўным дыпламатам, галоўным вайсковым начальнікам, галоўным абсалютна ўсім у краіне - можа быць толькі сам Пётр Парашэнка.

Сяргей Гайдай, паліттэхнолаг:

- Парашэнка робіць прызначэння з так званага блізкага кола. Ён спрабуе знайсці залатую сярэдзіну паміж функцыянальнымі магчымасцямі кандыдата і ягонай асабістай лаяльнасцю. Гэта альбо ягоныя падначаленыя, альбо бізнэс-партнёры: Ложкін, Касюк, Стэць, Гелетэй.

У палітыцы ў яго няма давернага асяроддзя. Тыя, каго мы называем палітыкамі, не выклікаюць даверу ў Парашэнкі: у кожнага свае інтарэсы, кожны агорнуты шлейфам здрад.

Што да здагадкі, што Гелетэй, акрамя іншага, магчыма, будзе адказным за бяспеку прэзідэнта, я гэта дапускаю. І стаўлюся да гэтага нармальна, бо пытанне надзённае. Па-першае, мы жывем у ваеннай краіне, па-другое - вы ж бачыце, як апошнімі днямі пратэстоўцы абыходзяцца з чыноўнікамі. Па-трэцяе, ахоўваць сябе так, як гэта рабіў Януковіч - з парканамі, блакаваннем вуліц, тысячамі спецвайскоўцаў, Парашэнка не мае права, бо імгненна страціць рэйтынг.

Мікалай Маламуж, экс-кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны:

- З нагоды сённяшніх прызначэнняў я б хацеў сказаць, што ў падмурак заўсёды павінен закладацца прафесіяналізм. Асабліва, калі гаворка ідзе аб сілавых міністэрствах. І Гелетэй, і Касюк маюць вялікі досвед, але ў іншых сфэрах. Несумненна, былі іншыя кандыдатуры, якія дзейсна б выконвалі задачы міністра абароны і куратара сілавога блока ад АП.

Парашэнка па-новаму бачыць канцэпцыю кіравання дзяржавай, у тым ліку і сілавымі міністэрствамі. Ключавыя пасады давярае паспяховым бізнэсоўцам, дзейсным кіраўнікам і фінансава незалежным людзям. Гэта можа спрацаваць, але праводзіць такія экспэрымэнты я б раіў у мірным часе.

Што да Мужэнкі - гэта вартая кандыдатура. Ён паказаў сябе на практыцы ў баявых варунках.

Фота: EPA

Апошнія навіны