Мясніковіч увёў «школьную форму» для чыноўнікаў
- 31.07.2014, 20:10
Пацешнае фота з пасяджэння ў Саўміне выставіў блогер Віктар Малішэўскі.
«Вы будзеце смяяцца, але, мяркуючы з гэтага фота, ва ўрадзе ўвялі школьную форму», - напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
На здымку - нарада прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, на якой былі заслуханыя справаздачы губернатараў, міністраў і кіраўнікоў канцэрнаў пра чаканыя вынікі работы эканомікі Беларусі за студзень-ліпень 2014 года.
Карыстальнікі сацсеткі практыкуюцца ў дасціпнасці, абмяркоўваючы стыль чыноўнікаў. «Салiдарнасць» прыводзіць некалькі каментароў.
- Гэта летняя форма адзення. Спякота ж.
- Я аднойчы бачыла групу чыноўнікаў сярод гледачоў у Купалаўскім. Тая ж карціна была. Тузін мужыкоў з аднолькавымі фігурамі і ў абсалютна аднолькавых шэрых касцюмах. Уражанні параўнальныя са спектаклем.
- Мяркуючы з гэтага фота, ва ўрадзе сядзіць пастарэлы Фрэдзі Кругер. Фрэд, дзе твая пальчатка?
- Спецвопратка ад «Камінтэрну».
- Баюся, ад Corneliani.
- Можа, канфіскат?
- Калі б не маніторы, то можна было б падумаць, што на двары пачатак 80-х.
Адзначым, што на гэтай нарадзе Міхаіл Мясніковіч выказаў занепакоенасць з нагоды інэртнасці, абыякавасці, нават безадказнасці шэрагу кіраўнікоў у выкананне мэтавых задач і паказчыкаў.
«Праца з кадрамі праводзіцца дрэнна, адсюль і дэфіцыт ідэй», - заявіў прэм'ер-міністр.
Адкуль жа ўзяцца ідэям, калі ў трыццаціградусную спякоту беларускія губернатары, міністры і кіраўнікі канцэрнаў змушаныя насіць пінжакі, якія, падобна, сышлі з аднаго канвеера?
Фота: government.by