BE RU EN

Біскуп Дзям'янка заклікаў беларусаў на месяц адмовіцца ад алкаголю

  • 31.07.2014, 17:12

Антоній Дзям'янка звярнуўся да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі, разаслаўшы лісты па мясцовых парафіях.

У сваім звароце біскуп звярнуўся да каталікоў адмовіцца ў жніўні ад ужывання алкаголю, каб такім чынам агульнымі сіламі паўплываць на цвярозасць беларускага народа.

Біскуп адзначае, што такая барацьба з алкагалізмам асабліва важная ў жніўні, калі ў краіне праходзіць уборачная кампанія, піша katolik-gomel.by.

«Час канікул і адпачынкаў спрыяе спажыванню алкаголю. Таксама неадпаведны падыход да ўборкі ўраджаю падштурхоўвае некаторых да рэлаксацыі з дапамогай алкагольных напояў. Такі падыход да працы і адпачынку з'яўляецца памылковым і можа прывесці да сямейнай і грамадскай трагедыі. Таму звяртаюся з гэтым заклікам да кожнага чалавека, сям'і. Ад нас залежыць, у якой ступені з дапамогай цвярозасці мы будзем спрыяць хрысціянскаму, бяспечнаму баўленню перыяду адпачынку і працы», - гаворыцца ў пасланні біскупа.

«Я заклікаю месяц жнівень зрабіць часам малітвы і намаганняў у цвярозасці і ў яе інтэнцыі. Заклікаю да гэтага асабліва сем'і, каб знайшлі сваё шчасце і сапраўднае каханне ў цвярозасці, якое перажываецца ў духу веры. Добра ведаем, як п'янства разбурае каханне, шчасце і веру, як даводзіць да сямейных драм», - адзначыў іерарх.

Зэканомленыя грошы за кошт неспажытага на працягу месяца алкаголю біскуп раіць ахвяраваць на патрэбы бедных.

Пінская дыяцэзія ўключае ў сябе ўсё беларускае Палессе: Берасцейскую і Гомельскую вобласці.

Фота: Wikipedia.org

Апошнія навіны