BE RU EN

Трохбаковая сустрэча што датычна Украіны пачалася ў рэзідэнцыі «Заслаўе»

  • 31.07.2014, 16:27

У дзяржаўнай рэзідэнцыі «Заслаўе» пад Менскам праходзіць сустрэча трохбаковай групы (Украіна - Расея - АБСЕ) што да сітуацыі ва Украіне.

Пра гэта БелаПАН паведаміла крыніца, блізкая да перамоўнага працэсу.

Кантактная група прадстаўлена экс-прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам, паслом Расеі ва Украіне Міхаілам Зурабавым і афіцыйным прадстаўніком дзейнага старшыні АБСЕ ў пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні.

Бакі плануюць абмеркаваць гарантыі бяспечнага доступу да месца катастрофы малайзійскага лайнера міжнародных экспэртаў для расследавання прычын авіяздарэння, а таксама запуск працэсу вызвалення асоб, якія ўтрымліваюцца бакамі.

Бакі ў кансультацыях узгаднілі магчымасць прыцягнення экспэртаў для адпрацоўкі тэхнічных дэталяў, якія абмяркоўваюцца.

Нагадаем, 29 ліпеня Лукашэнка пагадзіўся зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў паводле развязання ўкраінскага крызісу. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага прэзідэнта, такую прапанову яму зрабіў па тэлефоне прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Са слоў Парашэнкі, прапануецца вынесці на абмеркаванне кантактнай групы два пытанні - аб вызваленні ўсіх закладнікаў, якія застаюцца ў баевікоў, і аб забеспячэнні допуску міжнародных экспэртаў на месца падзення самалёта «малайзійскіх авіяліній». Ён адзначыў, што ў пытанні закладнікаў трэба дзейнічаць хутка, бо сярод іх ёсць параненыя, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

Апошнія навіны