BE RU EN

У Менску дырэктар ЖЭСа атрымліваў заробак «мёртвых душ»

  • 29.07.2014, 17:50

У Менску затрыманы дырэктар ЖЭСа, які падазраецца ў эканамічных махінацыях.

Як мяркуюць спецыялісты, схема злачынства была прыдуманая год таму. Менавіта тады кіраўніцтву камунальнай службы пачалі паступаць штрафы за неналежнае ўтрыманне двароў. Выхад з сітуацыі кіраўнік прадпрыемства знайшоў у паэме Гогаля "Мёртвыя душы". 46-гадовы мянчук аформіў 2 чалавекі на пасады дворнікаў, аднак за ўвесь час работнікі ні разу не выйшлі на працу, піша tvr.by.

"Новым супрацоўнікам не трэба было выконваць ускладзеныя на іх функцыі. Але і заробкі ў канцы месяца яны не атрымлівалі. Так на адное месца была аформленая сястра дырэктара, якая працавала ў іншым месцы. Другую пасаду заняў ягоны знаёмец, якому патрабаваўся працоўны стаж, але працаваць ён не хацеў. У выніку ў канцы месяца дырэктар здымаў з банкаўскіх картак супрацоўнікаў заробак. Аплачваў штрафы, а астатнія грошы пакідаў сабе", - распавяла Ганна Чыж-Літаш, прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Менска.

Цяпер мужчына затрыманы. У дачыненні да яго Следчы камітэт пачаў крымінальную справу. У міліцыі ёсць здагадка, што за 10 гадоў працы на пасадзе кіраўніка ЖЭСа гэта не адзіная махінацыя. Бліжэйшым часам мужчына будзе адхілены ад пасады.

Апошнія навіны