Лех Валенса: Пуціна трэба біць да накаўту
- 29.07.2014, 16:37
Пры ўмелым падзеле задач Захад можа наносіць удары, якія будуць накаўтаваць пуцінскі рэжым.
Пра гэта былы прэзідэнт Польшчы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і легендарны лідар прафсаюза Салідарнасць Лех Валенса заявіў у інтэрв'ю сайту Wirtualna Polska (пераклад - charter97.org).
- Генерал Вальдэмар Скшыпчак нядаўна сказаў, што прыйшоў канец «падлашчвання» да Пуціна. Пара дзейнічаць канкрэтна.
- Тады хай спадар генерал прамовіць яшчэ адзін пастулат: вайна. І адначасова адкажа, ці ў стане ён выйграць ядзерную вайну. Што павінна азначаць пастаноўка пытання рубам? Падрыхтоўку да рыцця акопаў? Без жартаў.
- Радаслаў Сікорскі, кіраўнік МЗС пераконвае, што мы не можам адчуваць сябе бяспечна нават у Польшчы.
- Таму трэба знайсці спосабы эфектыўна ўдарыць па Пуціну.
- Папярэднія дзеянні Еўропы і ЗША, папярэджанні і санкцыі былі не надта эфектыўныя.
- Ці можна сказаць інакш: канец паблажлівасці. Але ўсё гэта павінна быць вельмі добра ўзважанае.
- Што гэта значыць?
- Неабходна ўзмацніць сумесныя дзеянні, склікаць групу з дваццаці разумнейшых людзей з NАТO, ААН, якія створаць спіс удараў па Пуціну, а затым звернуцца да кожнай краіны з пытаннем, які пункт яны ўважаюць за найбольш эфектыўны і магчымы практычна.
- Цяжка выпрацаваць адзіную пазіцыю, бо кожная краіна мае розныя стасункі з Расеяй. У гульню ўцягваюцца абавязацельствы, эканамічныя дамовы, велізарныя грошы.
- Трэба працягваць спрабаваць прыйсці да поспеху. Адна краіна можа чагосьці ў Расеі не купіць, іншая - не прадаць, трэцяя - адкласці нешта на месяц. Калі гэта не атрымаецца, то можна аказваць фінансавую падтрымку тым, хто змагаецца з тэрарыстамі на ўсходзе Украіны. Пры ўмелым падзеле пэўных задач мы можам без крыку і прыніжэння весці барацьбу, якая накаўтуе Пуціна.
- Прэзідэнт Расеі пагадзіўся аддаць чорныя скрыні і распарадзіўся гарантаваць бяспеку міжнародным экспэртам, якія адправіліся на месца катастрофы малайзійскага самалёта. Ён спалохаўся наступстваў дзеянняў сепаратыстаў?
- Я не ведаю, але яму цяжка верыць. У расейцаў ёсць такія тэхналогіі, што, магчыма, яны аддалі іншыя, загадзя падрыхтаваныя скрыні. Таму трэба ўсё дакладна праверыць, бо ўсялякі тып падману, рэчы, якія нам нават не сніліся, магчымыя ў Расеі.
- Урад ЗША апублікаваў спадарожнікавыя выявы і інфармацыю выведкі, якія даказваюць датычнасць Расеі да знішчэння пасажырскага самалёта малайзійскіх авіяліній над усходняй Украінай. З фотаздымкаў і сабранай інфармацыі вынікае, што Масква навучала і забяспечвала сепаратыстаў.
- Ніхто з сур'ёзных людзей, калі б ведаў, што гэта грамадзянскі самалёт, нават самага лютага ворага, не страляў бы па ім. Але відавочна, што гэты выпадак не ўзяўся з ніадкуль, гэта вынік палітыкі, канцэпцыі, вайны - абвешчанай ці не. Над гэтым трэба задумацца. З самага пачатку я прапанаваў - але дрэнна, што мяне не паслухалі - выпрацаваць мудрыя паводзіны ў дачыненні да Расеі ў існуючай сітуацыі. А ў гэты час кожная краіна дзейнічае сама па сабе: ЗША кажуць адно, а Францыя, Нямеччына і Польшча зусім іншае.
- Калісьці Ангела Мэркель заявіла, што Уладзімір Пуцін страціў сувязь з рэальнасцю. Вы падзяляеце гэта меркаванне?
- Пуцін з'яўляецца чалавекам іншай эпохі. Еўропа на крок наперадзе Расеі. Мы жывем ў часы інтэлекту, інфармацыі і глабалізацыі, сярод ворагаў сціраюцца межы, мы ствараем адну вялікую дзяржаву: Еўропу. Нешта падобнае будзе і ў тым рэгіёне. Я не ведаю, колькі яшчэ Пуцін павінен набіць гузоў, каб зразумець, што танкамі ў цывілізаваным свеце праблемы не развязваюцца.