BE RU EN

Беларусы не хочуць праходзіць тэхагляд

  • 29.07.2014, 14:03

За паўгоддзе знізілася колькасць праходжання грамадзянамі дзяржаўнага тэхагляду транспартных сродкаў.

Гэтую тэндэнцыю адзначыў на прэс-канферэнцыі 29 ліпеня ў Менску намеснік начальніка ўправы тэхнічнай палітыкі Міністэрства транспарту і камунікацый Павел Брэчка, піша БелаПАН.

«У нас не вельмі добрая сітуацыя з праходжаннем грамадзянамі дзяржаўнага тэхнічнага агляду транспартных сродкаў. Было ў першым паўгоддзі выдадзена блізу 144 тысяч дазволаў на ўдзел транспартных сродкаў у дарожным руху, што на 21,2% менш за леташні ўзровень. Мы гэта звязваем найперш з увядзеннем дзяржаўнага збору за дапусканне транспартных сродкаў да дарожнага руху», - растлумачыў Брэчка.

На ягоную думку, сітуацыя зменіцца з унясеннем змен у КоАП, згодна з якімі павялічаныя гранічныя штрафы за кіраванне транспартным сродкам без дзяржтэхагляду. «Гэта дазволіць стабілізаваць сітуацыю», - мяркуе прадстаўнік Мінтранса.

Ён адзначыў, што міністэрства праводзіць работу для павелічэння даступнасці паслуг дзяржтэхагляду. Так, у гэтым годзе адкрылася стацыянарная дыягнастычная станцыя ў Хойніках. Раней жыхары Хойніцкага і Брагінскага раёнаў (Гомельская вобласць) абслугоўваліся два разы на год рухомай дыягнастычнай станцыяй. «Цяпер грамадзянам будзе прасцей праходзіць дзяржтэхагляд», - адзначыў намеснік начальніка ўправы. Паводле ягоных слоў, да канца года будзе адкрытая станцыя ў Камянецкім раёне (Берасцейсцкая вобласць).

Са слоў Брэчкі, Мінтранс штогод праводзіць конкурсы на вызначэнне найлепшай дыягнастычнай станцыі, найлепшай аўташколы, найлепшай аўтатранспартнай арганізацыі ў бяспецы дарожнага руху.

Апошнія навіны