BE RU EN

Сурыкаў абяцае загрузіць прадпрыемствы беларускага ВПК

  • 24.07.2014, 15:52

Беларускія прадпрыемствы абароннай прамысловасці могуць атрымаць ад расейскага боку замовы замест ўкраінскіх.

Пра гэта заявіў журналістам у чацвер у Менску пасол Расеі Аляксандр Сурыкаў, піша "Інтэрфакс".

"У мяне ёсць інфармацыя, што спісы з некалькіх тысяч камплектаванняў перададзеныя беларускаму боку, якія могуць быць зробленыя на беларускіх прадпрыемствах замест украінскіх", - заявіў дыпламат.

Таксама пасол Расеі адзначыў, што ў сувязі з падпісаннем Украінай, Малдовай і Грузіяй пагадненняў аб асацыяцыі з ЕЗ краінамі Мытнага саюза мэтазгодней абараняць ўнутраныя рынкі разам, а не паасобку.

"Зручней было б абараняць ўвесь Мытны саюз. Гэта мой пункт гледжання", - сказаў Сурыкаў журналістам у чацвер у Менску.

Дыпламат адзначыў, што Беларусь, Расея і Казахстан могуць пацярпець ад свабоднага гандлю вышэйназваных краін з ЕЗ. У той жа час ён паказаў на патрэбу дбайнага аналізу патэнцыйных пагроз.

Амбасадар Расеі не выключае хуткага поўнага скасавання пералічэнняў Беларуссю ў расейскі бюджэт экспартных мыт на нафтапрадукты, што выпрацоўваюцца з расейскай нафты.

"Думаю, у 2016 годзе і другая палова [будзе скасаваная] - нічога асаблівага. Ці 2017, ці 2018 год. Гэта палягчае працу эканомікі Беларусі", - заявіў Сурыкаў у чацвер у Менску журналістам, адказваючы на пытанне аб імавернасці хуткага поўнага скасавання мыт.

Ён дадаў, што скасаванне мытаў павінна ўпісвацца і ў абавязанні РФ перад СГА.

"Гэта [скасаванне мытаў] калісьці наступіць", - выказаў упэўненасць дыпламат. "Нават захаваючыся, і дэ-факта яны будуць імкнуцца да нуля", - сказаў на заканчэнне Сурыкаў.

Апошнія навіны