BE RU EN

Сектаральныя санкцыі супраць Расеі могуць быць уведзеныя ўжо да канца ліпеня

  • 24.07.2014, 15:11

Нямецкія дыпламаты мяркуюць, што пераход да трэцяга ўзроўню санкцый павінен прайсці бесперашкодна.

Урад Нямеччыны думае, што Еўразвяз можа ўвесці сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Расеі ўжо да канца ліпеня, калі Масква ў самыя кароткія тэрміны не зробіць усё магчымае для дээскалацыі крызісу на ўсходзе Украіны.

Пра гэта паведамляе агенцтва Рэйтэр са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў ЕЗ.

Нямецкія дыпламаты ў Брусэлі таксама кажуць, што Бэрлін выступае за абмежаванне у часе дзеяння санкцый супраць Расеі, каб даць Маскве магчымасць нармалізаваць стасункі, паведаміў суразмоўца агенцтва.

Амбасадары ЕЗ у чацвер упершыню будуць абмяркоўваць пытанне ўвядзення сектаральных санкцый (санкцый трэцяга ўзроўню) супраць Расеі.

Са слоў нямецкіх чыноўнікаў, "пераход да трэцяга ўзроўню санкцый павінен прайсці бесперашкодна, і яго можна чакаць ужо да канца месяца", - адзначыла крыніца Рэйтэр.

Нагадаем, напярэдадні канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель падтрымала гатоўнасць ЕЗ паскорыць працэс увядзення новых санкцый супраць РФ.

Паводле звестак брусэльскага выдання EUobserver, у Еўразвязе разглядаюць тры варыянты санкцый трэцяга ўзроўню супраць Расеі, у тым ліку забарона на імпарт расейскіх нафты і газу.

Апошнія навіны