BE RU EN

Ілона Крэмень выйшла ў другі раўнд турніру ў Кітаі

  • 23.07.2014, 21:51

Беларуская тэнісістка Ілона Крэмень паспяхова стартавала на турніры ў кітайскім Наньчане.

Спачатку ў стартавым двубоі адзіночнага разраду 20-гадовая беларуска, якая займае 252-е месца ў сусветным рэйтынгу, упэўнена перамагла японскую тэнісістку Мары Танаку (307-ы нумар рэйтынгу ВТА) - 6:1, 6:1. У другім крузе спаборніцай Ілоны Крэмень будзе першы нумар пасеву кітаянка Пенг Шуай, якая знаходзіцца на 50-м месцы ў сусветным рэйтынгу.

У першым матчы парнага разраду Ілона Крэмень разам з тайландкай Лертчывакарн узяла верх над кітайскім тандэмам Зю Сун/Шылін Ксю - 5:7, 6:2, 10:6.

Яшчэ адная беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (134) надоечы згуляла на турніры ў Баку (прызавы фонд - $250 тысяч). У азербайджанскай сталіцы беларуска не змагла прабіцца ў асноўную сетку адзіночнага разраду, саступіўшы ў кваліфікацыі ўзбекскай тэнісістцы Нігіне Абдураімавай (191) - 7:5, 3:6, 2:6. У парных спаборніцтвах Сасновіч разам з прадстаўніцай Чэхіі Кацярынай Сіняковай саступіла ў першым жа матчы французскаму дуэту Амандзін Эсэ/Паўлін Парменцье - 2:6, 6:2, 10:12.

Спаборніцтвы ў Наньчане і Баку фінішуюць 27 ліпеня.

Фота: tennis.by

Апошнія навіны