BE RU EN

Пенсіянер з-пад Мсціслаўля скраў воданапорную вежу

  • 23.07.2014, 14:19

У Мсціслаўскім раёне распачатая крымінальная справа ў дачыненні да мясцовага жыхара.

Ён падазраецца ў крадзяжы двухтоннай металічнай воданапорнай вежы. Паводле звестак абласной міліцыі, вежа, якая знаходзілася побач з нядзейнай малочна-таварнай фермай ў вёсцы Малькаўка, была выкрадзеная 2 чэрвеня, піша БелаПАН.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк, воданапорная вежа таксама была нядзейная і пры добраўпарадкаванні тэрыторыі яе зрэзалі. Канструкцыя ляжала побач з фермай, паколькі вывезці яе адразу не змаглі праз адсутнасць транспарту. 61-гадовы мясцовы жыхар, палічыўшы, што вежа безгаспадарная, наважыў прадаць яе на металалом. Ён запрасіў зборшчыка металалому, які распілаваў канструкцыю, якая ляжала на зямлі, і вывез метал з вёскі.

Адсутнасць вежы неўзабаве была заўважаная. Органы крымінальнага вышуку раскрылі крадзеж. Выкрадзенае было канфіскавана ў зборшчыка металу, бо той яшчэ не паспеў яго перапрадаць. Кошт скрадзенага склаў больш за два мільёны рублёў.

Апошнія навіны