BE RU EN

Пад Гародняю затрымалі фуру з 900 літрамі нелегальнага алкаголю

  • 22.07.2014, 20:40

У Гарадзенскім раёне затрыманая фура, у якой змяшчалася амаль 900 л нелегальнага алкаголю.

Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі Гарадзенскай вобласці, піша БелТА.

Супрацоўнікі ўпраўлення ДФР выявілі факт незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 21 ліпеня блізу сямі гадзін вечара. У вёсцы Бакуны ў паўпрычэпе аўтамашыны «МАН», што знаходзілася ля прыватнага дома, яны выявілі 70 пластыкавых ёмістасцяў умяшчальнасцю 4,5 л кожная са спіртазмяшчальнай вадкасцю, а таксама 125 пластыкавых ёмістасцяў 4,5 л (як мяркуецца, з каньячным напоем).

Фурай кіраваў 33-гадовы жыхар Гародні. Дакументы на алкагольны тавар у яго адсутнічалі. Маладзён растлумачыў, што набыў алкаголь у Віцебскай вобласці для ўласных патрэб.

Канфіскавана 195 ёмістасцяў спіртазмяшчальнай вадкасці агульнай колькасцю 877,5 л. Папярэдне затрыманы тавар ацэнены ў Br160 млн. Праводзіцца праверка, якая павінна высветліць рэальныя мэты набыцця такой партыі вадкасці з утрыманнем спірту і магчымасць яе рэалізацыі пад выглядам алкагольных вырабаў на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.

Пакуль вінаватаму пагражае пакаранне паводле арт. 12.27 КаАП «Незаконныя ўвоз, перавозка, захоўванне алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў, вытворчасць, перапрацоўка і захоўванне этылавага спірту і тытунёвай сыравіны і продаж алкагольных напояў ўласнай вытворчасці», які прадугледжвае штраф у суме да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадукцыі.

Апошнія навіны