На палетку пад Зэльвай згарэў камбайн
- 22.07.2014, 12:54
Разам з машынай знішчана і 300 кілаграм пшаніцы.
Паведамленне аб узгаранні тэхнікі паступіла ратавальнікам 21 ліпеня а 19:42, паведамляе прэс-служба МНС.
На палетку недалёка ад вёскі Чырвонае Сяло загарэўся камбайн "CLAАS Lexion 580" 2005 года выпуску, нямецкага вырабу. Узгаранне заўважыў механізатар ў люстэрка задняга выгляду, полымя хутка распаўсюджвалася на камбайн. Тэхніку спрабавалі патушыць сваімі сіламі, але калі ратавальнікі прыбылі на месца, камбайн гарэў адкрытым полымем. У выніку пажару пашкоджаны два колы, кабіна, маторны адсек, часткова бункер, 300 кг пшаніцы ў бункеры камбайна. Людзі не пацярпелі.
Вядома, што ў камбайне знаходзілася 5 т пшаніцы. Ён быў абсталяваны патрэбным супрацьпажарным інвентаром, меліся 4 вогнетушыцелі, ёмістасць з вадой. Недалёка (у 50 м) на полі таксама знаходзілася бочка з 1,5 тысяч літраў вады. Усяго на палетку працавалі 4 адзінкі тэхнікі.
Прычына пажару высвятляецца.