BE RU EN

Францыя перадасць Расеі адзін «Містраль»

  • 22.07.2014, 10:55

Францыя выканае свае абавязанні што да будаўніцтва першага вайсковага карабля тыпу "Містраль" для Расеі.

З заявай такога зместу выступіў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, паведамляе агенцтва France-Presse.

Са слоў французскага лідэра, у адваротным выпадку штрафныя санкцыі склалі б 1,1 мільярда еўра, піша "Украінская праўда".

"Пагадненне было ўкладзенае ў 2011 годзе, карабель амаль гатовы і павінен быць перададзены ў кастрычніку", - сказаў Аланд.

Працу над другім караблём класа "Містраль" прэзідэнт Францыі звязаў з пазіцыяй Масквы аб украінскім крызісу.

Паводле ягоных слоў, калі абмежаванні ў дачыненні да Расеі будуць ўкаранёныя, гэта "павінна адбыцца на ўзроўні ЕЗ і будзе тычыцца толькі будучых паставак тэхнікі".

"Пакуль гэтага няма, паглядзім, ці будзе весці сябе Расея дрэнна", - сказаў Аланд.

Заходнія партнёры Францыі заклікаюць Парыж адмовіцца ад паставак "Містраль" у Расею. ЗША і хаўруснікі сцвярджаюць, што ў цяперашніх умовах выдача Маскве высакаякаснай зброі недарэчная.

Расея не мае магчымасці вырабляць такія караблі ўнутры краіны.

Гелікоптэраносец "Містраль" з'яўляецца зброяй актыўнага нападу, яна дае магчымасць высадзіць батальён марской пяхоты і бронетэхніку на бераг на адлегласці да 10 тысяч кіламетраў ад порта прыпіскі без дазапраўкі.

Аналітыкі кажуць, што нават былы СССР не меў такіх магчымасцяў.

Фота: РІА «Новости»

Апошнія навіны