BE RU EN

Прадпрымальнікі, якія здаюць кватэры, просяць не пазбаўляць іх заробку

  • 20.07.2014, 8:49

Чальцы асацыяцыі «Гасціннасць», куды ўваходзяць прадпрымальнікі, якія здаюць кватэры ў арэнду, напісалі адкрыты ліст чыноўнікам.

Іх турбуюць планы дзяржавы абмежаваць або нават забараніць дзейнасць прадпрымальнікаў у здачы кватэр ў падзённую арэнду. У лісце гаворыцца, што забарона або абмежаванне на здачу кватэр на суткі з'яўляецца відавочна памылковым.

«Гэты бізнэс (здача кватэр у падзённую арэнду) з'яўляецца сфармаваным і ўстойлівым. Прадпрымальнікамі цалкам выконваецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а сам бізнэс прыносіць стабільныя падатковыя адлічэнні ў бюджэт», - сцвярджаюць аўтары ліста.

Гэты бізнэс, як правіла, з'яўляецца сямейным. Калі дзяржава пойдзе на ўзмацненне жорсткасці мер у гэтай сферы, то пацерпіць вялікая колькасць людзей і іх сямейнікаў.

Прадпрымальнікі пераконваюць чыноўнікаў, што яны не канкуруюць з гасцініцамі, а іх асноўныя кліенты, калі казаць аб турызме, - сем'і з маленькімі дзецьмі, якім неабходна мець пастаянны доступ да кухні, ваннага пакою.

«У сувязі з гэтым выказваем глыбокую перакананасць у тым, што пры разглядзе праектаў нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць працу прадпрымальнікаў у сферы падзённай арэнды, будзе рэалізаваны ўзважаны і ўзаемавыгадны, як для дзяржавы, так і для яго грамадзян, падыход», - напісана ў лісце чальцоў праўлення асацыяцыі «Гасціннасць».

Нагадаем, што цяпер чыноўнікі Менгарвыканкама разглядаюць варыянт забароны арэнды кватэр на суткі.

Апошнія навіны