BE RU EN

Маці Ігара Пцічкіна: Чаму за паўгода экспэрты не вызначылі прычыну смерці сына?

  • 2.07.2014, 11:37

Вязень менскага следчага ізалятара Ігар Пцічкін памёр ад прыпынення сэрца, але прычыны гэтага не выяўленыя.

Пра гэта «Радыё Свабода» са спасылкай на экспэртызу цела сына паведаміла маці нябожчыка Жанна Пцічкіна. 1 ліпеня яна больш за палову дня правяла ў Следчым камітэце Беларусі. Як пацярпелую яе азнаёмілі з матэрыяламі крымінальнай справы аб смерці яе сына.

Са слоў Жанны Пцічкінай, экспэрты разглядалі тры імаверныя прычыны спынення сэрца Ігара Пцічкіна: праз хваробу, праз уздзеяння наркотыкаў і ў выніку атрыманых цялесных пашкоджанняў.

- Але слядоў наркотыкаў у целе сына не выяўлена. Да змяшчэння на "Валадарцы" ён на сардэчную хваробу таксама не скардзіўся. Таму ў мяне ўзнікае пытанне: навошта было праводзіць такую экспэртызу, якая за паўгода так і не дала пэўнага адказу на пытанне, ад чаго памёр мой сын? - пытаецца жанчына.

Адкуль узяліся сляды збіцця ў Ігара Пцічкіна, экспэртыза не ўстанавіла.

Напярэдадні стала вядома, што следства ўважала Ігара Пцічкіна за наркамана і распачало крымінальную справу, у якой Ігар Пцічкін фігуруе як распаўсюднік забароненых курыльных сумесяў. Адміністрацыя мінскага следчага ізалятара заяўляе, што падчас знаходжання ў ізалятары ў Ігара Пцічкіна праз неўжыванне наркотыкаў развілося псіхічнае захворванне і ахоўнікі павінны былі ізаляваць яго ў мэдычнай частцы і прывязаць да ложка. Вядома, што супрацоўніку санчасткі следчага ізалятара выставілі абвінавачванні ў ненаданні патрэбнай дапамогі, праз што наступіла смерць Ігара Пцічкіна.

Сваякі Ігара Пцічкіна выказвалі здагадку, што ён памёр ад збіцця ахоўнікамі, і адзначалі сляды збіцця на целе нябожчыка.

Як паведаміў следчы, у справе будзе прызначаная новая экспэртыза з новымі лекарамі.

Апошнія навіны