BE RU EN

На Мікалая Статкевіча ўзмацніўся ціск

  • 19.07.2014, 16:57

Палітвязню не прыносяць карэспандэнцыю і на прагулцы ахоўваюць з сабакамі.

Пра пагаршэнне з атрыманнем карэспандэнцыі паведаміў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч палітвязень Мікалай Статкевіч, перадае «Радыё Свабода».

«Напісаў, што зноў пачаліся праблемы з інфармацыяй, бо газеты прыносяць з вялікім спазненнем і толькі пасля патрабаванняў. Кнігі з бібліятэкі прыносяць выключна тыя, якія ён ужо чытаў. Па 2-3 разы прыносяць адно і тое ж. І сталі апошнім часам затрымліваць яго лісты. Хоць лісты простыя, нічога палітычнага. Напрыклад, у адным з лістоў ён напісаў аб памеры турэмнага панадворку, у якім гуляе. Што памеры панадворку 5 на 7 крокаў, ісці да яго ад камеры 35 крокаў, але і на гэтай адлегласці яго пільнуюць ахоўнікі з двума сабакамі», - распавяла жонка палітвязня.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый. 26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны