BE RU EN

На вайсковы факультэт можна паступіць, набраўшы на ЦТ тры балы

  • 18.07.2014, 18:45

Афіцэраў будуць рыхтаваць з непісьменнай моладзі.

Міністэрства адукацыі Беларусі абвясціла дадатковы набор у ВНУ, знізіўшы планку для ўдзелу ў конкурсе ніжэй за плінтус. ВНУ такім чынам развязваюць праблему недабору на бюджэт і расплачваюцца за праблемы сістэмы сярэдняй адукацыі, падарванай у выніку рэформы 2008 года, пішуць «Беларускія навіны».

Дадатковы набор у ВНУ абвешчаны, як паведамляе Мінадукацыі, «на востра запатрабаваныя эканомікай і сацыяльнай сферай спецыяльнасці». Прыём дакументаў вядзецца толькі на дзённую бюджэтную форму.

На вакантныя месцы могуць прэтэндаваць абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў ЦТ і атрымалі: ад 4 балаў у рускай і беларускай мовах; ад 9 балаў у матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі; ад 14 балаў у гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўству, геаграфіі, замежным мовам.

Да 3 балаў зніжаецца мінімальны парог для ўдзелу ў конкурсе для паступлення ў вайсковыя ВНУ, на вайсковыя факультэты іншых дзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі; у ВНУ на спецыяльнасці «фізічная культура і спорт» і група спецыяльнасцяў, звязаных з сельскай гаспадаркай.

Нагадаем, першапачаткова для падачы дакументаў у прыёмную камісію неабходна было набраць не менш за 10 балаў на ЦТ у рускай або беларускай мове, 15 - у матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, 20 - гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўству, геаграфіі і замежным мовам.

Раней паведамлялася, што пры абвяшчэнні дадатковага набору мінімальная сума балаў паводле ўсіх прадметаў будзе зніжана на 5 балаў.

«Міністэрства адукацыі атрымае інфармацыю з ВНУ і звароты або хадайніцтвы галін, якія сапраўды маюць патрэбу ў кадрах. І разам з урадам, з камісіяй кантролю за ходам уступных выпрабаванняў прыме пастанову: там, дзе сапраўды мы ўбачым, што зніжэнне прахаднога бала на 5 для ўдзелу ў конкурсе не адаб'ецца на якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, будзе прынятая пастанова аб дадатковым наборы, як выключэнне», - казаў некалькі дзён таму міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Відавочна, што недабор у ВНУ быў больш значным, чым гэта прагназавалася першапачаткова. Аднак развязванне праблемы з дапамогай зніжэння патрабаванняў да абітурыентаў з'яўляецца вельмі сумніўным, так як зніжае ўзровень студэнтаў у цэлым. У ВНУ прыйдуць людзі, многія з якіх не ў стане асвойваць праграмы вышэйшай адукацыі. Яны альбо будуць адлічаныя праз непаспяховасць у працэсе навучання, альбо выйдуць з універсітэтаў з вельмі нізкім узроўнем падрыхтоўкі.

Больш таго, зніжэнне планкі пры наборы ў ВНУ спараджае шэраг іншых праблем.

Па-першае, гэта ўдар па сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі, установы якой таксама знаходзяцца пад пагрозай недабору навучэнцаў. Сёння многія маладыя людзі, якім прамая дарога ў ПТВ і каледжы, не сядуць за іх парты, а пойдуць у студэнты. Каледжы застануцца без навучэнцаў, а ў ВНУ будуць пакутаваць праз гора-студэнтаў.

Па-другое, цяперашнія старшакласнікі могуць зрабіць для сябе цалкам пэўныя высновы - не абавязкова добра вучыцца, каб стаць студэнтам. Зразумела, што заўсёды ёсць асаблівыя дзеці, якія паказваюць высокія вынікі пры любых абставінах, але ў сярэднестатыстычнага старшакласніка Мінадукацыі такімі пастановамі забівае ўсякую матывацыю.

Па-трэцяе, зніжаецца прэстыж вышэйшай адукацыі. Краіна становіцца нацыяй, дзе вышэйшая адукацыя, не цэніцца і ператвараецца ў свайго роду сацыяльны праект.

Для адукацыйных перспектыў маладых людзей тое, што адбываецца азначае катастрофу, адзначыў эксперт у сферы адукацыі, сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.

«Нават не ў балах справа. Розніца падрыхтоўкі абітурыентаў, якія здалі ЦТ на «5» або «3» бала, мінімальная, - сказаў ён. - Балы можна назваць фігавым лістком нашай адукацыі, якія даўно нічога не затуляюць. Фактычна мы прыйшлі да сітуацыі, калі ў ВНУ прымаюць ўсіх».

Дунаеў адзначыў, што пры ўсёй балючасці дэмаграфічных працэсаў, калі выпускнікоў школ становіцца аб'ектыўна менш, бясконца знаходзіць апраўданне толькі ў гэтым некарэктна, трэба шукаць шляхі развязвання праблемы. Тым больш што недабор у ВНУ з'яўляецца праблемай не універсітэтаў і сістэмы вышэйшай адукацыі ў цэлым, а адлюстраваннем зніжэння якасці падрыхтоўкі ў сярэдняй школе.

«У гэтым і мінулым годзе значная частка абітурыентаў праваліла ЦТ, - падкрэсліў Уладзімір Дунаеў. - І гэта праблема не дэмаграфіі, а сярэдняй адукацыі, гэта вынік вар'яцкай рэформы 2008 года, скарачэнне тэрміну навучання ў сярэдняй школе з 12 да 11 гадоў. Лукашэнка ў 2008 годзе заявіў, што калі б у Беларусі і ў далейшым практыкавалася 12-гадовая форма навучання ў школах, гэта кожны год патрабавала б дадатковага фінансавання блізу 150 млрд рублёў. Вось мы зэканомілі і атрымалі пакаленне непісьменных абітурыентаў».

Перавод сярэдняй школы на 12-гадовую сістэму навучання быў, нагадаем, адным з крокаў для пераходу на двухступеньчатую вышэйшую адукацыю, што з'яўляецца адным з патрабаванняў Балонскага працэсу. Меркавалася, што апошнія два гады будзе зроблены ўпор на профільную адукацыю школьнікаў у выбраных прадметах.

Аднак у выніку рэформы 2008 года было ліквідаванае профільнае навучанне і паменшаная колькасць гадзін на вывучэнне замежнай мовы.

Непаслядоўнасць адукацыйнай палітыкі ў Беларусі праявілася ў тым, што ўжо ў 2009 годзе Мінадукацыі пастанавіла, што вывучаць замежныя мовы нашы дзеці павінны яшчэ старанней, чым у дарэформенныя часы.

Пры гэтым, адзначае Дунаеў, сфарміраваная сёння ў сістэме сярэдняй адукацыі атмасфера не патрабуе ад настаўніка ставіць на першае месца задачу ўласна вучыць дзяцей.

«Сістэма арганізавана так, што настаўнік не вучыць. На ім ляжыць забеспячэнне працэсу выбараў і выбіванне камунальных нядоімак. Чым горш ён рыхтуе сваіх вучняў, тым больш будуць запатрабаваныя ягоныя паслугі як рэпетытара. Гэта хворая сістэма, выракае на катастрофу ўсю адукацыю Беларусі», - мяркуе эксперт.

Дунаеў мяркуе, што чыноўнікі добра разумеюць гэта, ведаюць, што сістэма адукацыі неэфектыўная, эканамічна ў тым ліку. Аднак шмат у чым змяненне сітуацыі не адбываецца таму, што няма на гэта палітычнай волі.

«Час ужо задумацца аб тым, што адбываецца, заняцца дэцэнтралізацыяй сістэмы адукацыі. У адваротным выпадку ў нас ёсць усе шанцы паўтарыць вопыт Туркменіcтана, дзе значная частка моладзі не валодае базавымі школьнымі ведамі. У такім выглядзе, як сёння, сістэма адукацыі становіцца некіравальнай і ідзе ўразнос», - адзначыў Уладзімір Дунаеў.

Апошнія навіны