BE RU EN

Лекары не могуць пражыць, працуючы на адную стаўку

  • 18.07.2014, 14:12

Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі горада Менска адчувае нястачу лекараў і сярэдняга медыцынскага персаналу.

Аднак мінімальныя сацыяльныя стандарты для надання меддапамогі насельніцтву выконваюцца, заявіў намеснік галоўнага ўрача медыцынскай часткі УАЗ "Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі" Павел Удот у пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша "Інтэрфакс".

"Узровень укамплектаванасці брыгад хуткай медыцынскай дапамогі горада Менска лекарамі складае 75%, сярэднім медыцынскім персаналам - 70%. Незалежна ад ступені ўкамплектаванасці, мы спраўляемся з наданнем дапамогі насельніцтву горада Менска", - сказаў Удот.

"Калі згодна мінімальнаму сацыяльнаму стандарту належыць мець пэўную колькасць брыгад хуткай дапамогі для пэўнай колькасці насельніцтва, то мы гэты стандарт стараемся выконваць", - дадаў ён.

Спецыяліст адзначыў, што "людзі працуюць не на стаўку: хтосьці працуе на паўтары стаўкі, а хтосьці і больш".

"Нашыя дзверы адчыненыя для бясконцай колькасці лекараў і фельчараў. Проста прыходзіце да нас, як і ў паліклініку, а таксама ў стацыянары горада", - падкрэсліў Удот.

Увага грамадскасці да працы менскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі прыкаваная са студзеня 2014 года, калі ў інтэрнэце з'явіўся зварот работнікаў гэтай арганізацыі да Лукашэнкі, кіраўніка Міністэрства аховы здароўя і Беларускага прафсаюзу работнікаў аховы здароўя. У петыцыі паказвалася на праблемы ў дзейнасці службы, якія патрабуюць неадкладнага развязання. У прыватнасці, яе аўтары прапаноўвалі прыняць закон "Аб хуткай медыцынскай дапамозе", забяспечыць бяспеку работнікаў ХМП, страхаванне ад няшчаснага выпадку падчас працы, дадатковыя сацыяльныя гарантыі, палепшыць умовы працы, а таксама падвысіць аклады медыцынскага персаналу хуткай дапамогі, як мінімум, удвая.

Апошнія навіны