BE RU EN

Дэпутат ад ЛДПР прапанаваў вярнуць Расеі імпэрскі сцяг

  • 16.07.2014, 12:32

Дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Міхаіл Дзегцяроў падрыхтаваў законапраект, паводле якога афіцыйным сцягам Расеі зноў можа стаць "імпэрка" - чорна-жоўта-белы штандар.

Пра гэта ў сераду, 16 ліпеня, паведамляе выданне "Известия". На думку палітыка, уз'яднанне Крыму з Расеяй, стварэнне Мытнага саюза і рост патрыятызму павінны знаходзіць адлюстраванне і ў дзяржаўных сімвалах, якія нагадваюць аб славутым мінулым Расейскай імперыі.

Парламентарый адзначае, што пад імпэрскім сцягам у склад Расеі былі ўключаныя паўвыспа Крым і тэрыторыя Усходняй Прусіі, Аляска, Каўказ, Польшча, Прыбалтыка, Сярэдняя Азія і Фінляндыя.

"Мы гаворым - Расеі 1152, а не 23 гады, сімвалы дзяржавы павінны ўвасабляць яе вялікую гісторыю і вялікую будучыню, духоўнае здароўе вызначае матэрыяльны дабрабыт, а не наадварот. Трэба, каб людзі задумаліся, што за сцяг лунае над Расеяй. Мы павінны вярнуць дзяржаўны сцяг, які адпавядае славе дзяржавы, што адраджаецца", - заявіў Дзегцяроў.

У расейскім грамадстве няма адзінага меркавання што да дзяржаўнага сцяга. Прыхільнікі бел-сіне-чырвонага палотнішча падкрэсліваюць, што гэты сцяг стаў афіцыйным сімвалам паводле ўказа Пятра I у канцы XVII стагоддзя. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ён мог выкарыстоўвацца ў Расеі яшчэ раней.

На сёння, імпэрскі сцяг карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод манархістаў і нацыяналістаў. Таксама ён быў заўважаны сярод прыхільнікаў Наваросіі.

Чорна-жоўта-белы сцяг меў дэ-факта статус дзяржаўнага сімвала з 1858 да 1896, пасля падпісання ўказу Аляксандра II.

Апошнія навіны