BE RU EN

ЗША гатовыя нанесці ўдар па эканоміцы Расеі без падтрымкі ЕЗ

  • 16.07.2014, 8:54

Вашынгтон гатовы ўвесці сэктаральныя эканамічныя санкцыі супраць РФ.

Адміністрацыя Барака Абамы гатовая дзейнічаць адзінцом у гэтым пытанні, паведамляе Bloomberg са спасылкай на ўдзельнікаў учорашняга закрытага пасяджэння з удзелам паслоў краін ЕЗ.

Агенцтва адзначае, што падчас пасяджэння ў Белым доме Злучаныя Штаты настойліва заклікалі еўрапейскіх паслоў зрабіць больш жорсткія захады ў дачыненні да Расеі. Як сцвярджаюць амэрыканскія чыноўнікі, дзеянні расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне, піша РБК.

Са слоў удзельнікаў пасяджэння, адміністрацыя Абамы гатовая ў аднастароннім парадку ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі, калі лідэры ЕЗ у часе сённяшняй сустрэчы ў Брусэлі ўстрымаюцца ад увядзення новага пакета абмежавальных захадаў супраць Масквы, які, як чакаецца, будзе накіраваны ўжо не супраць асобных людзей і кампаній, а супраць цэлых сэктараў расейскай эканомікі.

Раней агенцтва ІТАР-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў прадстаўніцтве пры ЕЗ адной з заходнееўрапейскіх краін паведаміла, што як мінімум дзевяць краін Еўразвязу на заўтрашнім саміце Еўразвязу ў Брусэлі гатовыя накласці вэта на новы пакет санкцый супраць Расеі.

"Францыя, Нямеччына, Люксэмбург, Аўстрыя, Балгарыя, Грэцыя, Кіпр, Славенія, а таксама старшыня ЕЗ Італія не бачаць падстаў у цяперашніх варунках для ўвядзення сэктаральных гандлёва-эканамічных санкцый супраць РФ і будуць выступаць на саміце супраць гэтых захадаў. Ва ўсякім выпадку, так выглядае на сёння сітуацыя ў Камітэце ЕЗ на ўзроўні сталых прадстаўнікоў, якая зазвычай вельмі дакладна адлюстроўвае расстаноўку сіл напярэдадні саміту супольнасці", - паведаміў дыпламат.

Паводле ягоных слоў, супраціўнікі санкцый асцерагаюцца, што новыя абмежаванні закрануць не толькі Расею, але і еўрапейскую эканоміку, якая зазнае не найлепшыя часы. У тым ліку і таму, што аслабяць пазіцыі ЕЗ у спрэчцы з ЗША.

Пра магчымасць увядзення шырокіх сэктаральных санкцый супраць Расеі - "трэцяга пакета" захадаў - было абвешчана на прэс-канферэнцыі лідэраў ЗША і ФРН на пачатку траўня. Першапачаткова як падстава ўжыць гэтыя санкцыі называўся імаверны зрыў прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне 25 траўня, затым - адсутнасць канкрэтных крокаў Масквы для дээскалацыі ўкраінскага крызісу. Аднак на саміце ЕЗ, які прайшоў у Брусэлі 27 чэрвеня 2014 года пастанова аб увядзенні сэктаральных санкцый прынятая не была.

У выпадку ўвядзення санкцый супраць галін расейскай эканомікі (так званыя сэктаральныя санкцыі) БУП Расеі можа страціць 0,2-0,3%, гаворыцца ў апублікаваных 10 ліпеня "Асноўных кірунках бюджэтнай палітыкі на 2015 год і на планавы перыяд 2016 і 2017 гадоў".

Апошнія навіны