BE RU EN

Украіна заклікала Еўропу зрабіць больш жорсткім санкцыі супраць РФ

  • 15.07.2014, 14:48

Прадстаўнік Украіны пры ЕЗ, пасол Канстанцін Елісееў перадаў Еўразвязу і Еўрапарламенту задакументаваныя факты падтрымкі Расеяй прарасейскіх узброеных груповак.

Пра гэта ў аўторак, 15 ліпеня, у Брусэлі паведаміў сам Елісееў, кажучы пра спадзяванні ад запланаванага на 16 ліпеня саміту ЕЗ і прыняцці Еўрапейскім парламентам рэзалюцыі аб Украіне, паведамляе УНІАН.

Паводле слоў украінскага дыпламата, ён перадаў партнёрам з дзяржаў-чалцоў і інстытутаў ЕЗ і дэпутатам Еўрапейскага парламента задакументаваныя факты непасрэднай падтрымкі Расеяй незаконных узброеных тэрарыстычных груповак, якія дзейнічаюць на ўсходзе Украіны.

"Мы прыцягваем увагу еўрапейскіх партнёраў да таго, што з моманту прыняцця папярэдніх высноваў Еўрапейскай рады ад 27 чэрвеня, якія ўтрымлівалі шэраг канкрэтных патрабаванняў да РФ, а таксама на фоне поспехаў АТА, факты ўмяшання Масквы набылі больш дзёрзкі характар. Перакіданне праз мяжу сучаснай тэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраенні войска РФ, не можа разглядацца як канструктыўны ўклад у дээскалацыю сітуацыі ва Украіне", - падкрэсліў Елісееў.

У сувязі з гэтым ён выказаў надзею, што паводле вынікаў пасяджэння Еўрапейскай рады 16 ліпеня ЕЗ прыме пастанову ўжыць больш жорсткія санкцыі супраць РФ.

"Гэта - момант праўды для ЕЗ. Праява салідарнасці з Украінай была б паслядоўным і лагічным крокам. Дзяржавы-чальцы ЕЗ павінны паставіць міжнароднае права, агульныя дэмакратычныя каштоўнасці і здаровы сэнс вышэй сваіх дзелавых і энэргетычных інтарэсаў", - адзначыў прадстаўнік Украіны пры ЕЗ.

Нагадаем, сёння Еўрапейскі парламент планаваў правесці дыскусію аб сітуацыі ва Украіне і прагаласаваць аб кандыдатуры Жана-Клода Юнкера на пасаду прэзідэнта Еўрапейскай камісіі.

Апошнія навіны