BE RU EN

Жазэ Маўрынью: Месі ахвяраваў сабой дзеля каманды

  • 15.07.2014, 10:00

Галоўны трэнер «Чэлсі» падзяліўся меркаваннем пра выступ форварда зборнай Аргенціны Ліанэля Месі на чэмпіянаце свету.

Жазэ Маўрынью заявіў, што футбаліст заслугоўвае павагі за фінальны матч ЧС, піша «Трыбуна».

«Месі вінаваты ў паразе зборнай Аргенціны ў фінале? Нічога падобнага. У першым тайме ў яго было некалькі выдатных момантаў. Цяпер Ліанэль заслугоўвае павагі значна большай, чым калі-небудзь раней, бо Аргенціна была вельмі блізкая да перамогі на чэмпіянаце свету. Яго лёгка паважаць, калі ён перамагае, і не проста, калі саступае.

Месі - па-ранейшаму гістарычны гулец. Для гэтага яму не трэба перамагаць у чэмпіянаце свету, асабліва ў наш час.

Месі ахвяраваў сабой дзеля каманды. Ён хацеў перамагчы, увайсці ў гісторыю, а не стаць лепшым бамбавіком або MVP. Ліанэль гуляў не на сваёй пазіцыі. Ён быў вымушаны апускацца вельмі нізка за мячом, таму яму потым трэба было пераадольваць дзве-тры лініі, перад ім заўсёды было два-тры гульцы.

Месі спрабаваў нешта ствараць з нічога. Напрыклад, яго галявы пас на Ды Марыю (у авертайме матчу 1/8 фіналу са Швейцарыяй - Рэд.) быў цудоўным. Калі б Ліанэль хацеў быць тым феноменам, якім мы яго ведаем, то ён бы проста гуляў наперадзе, побач з Ігуаінам, чакаў свайго шанцу.

Адчуваю павагу да Месі, бо ён гуляў на каманду, а гэтага нельга сказаць аб усіх футбалістах на гэтым чэмпіянаце свету», - заявіў Маўрынью.

Нагадаем, зборная Аргенціны саступіла ў фінальным матчы чэмпіянату свету Нямеччыне з лікам 1:0.

Апошнія навіны