BE RU EN

Іранцаў асудзілі на тэрміны ад 11 да 21 года за допісы ў Facebook

  • 14.07.2014, 18:25

Рэвалюцыйны суд Ірана прысудзіў васьмярох маладзёнаў да турэмных тэрмінаў ад 11 да 21 года за размяшчэнне ў сетцы Facebook матэрыялаў, «якія маюць антыдзяржаўны характар».

Як паведамляе УНІАН са спасылкай на афіцыйнае агенцтва краіны IRNA, яны былі асуджаныя «за дзеянні, накіраваныя супраць нацыянальнай бяспекі, антыдзяржаўную прапаганду і абразу рэлігійных каштоўнасцяў ды іранскіх лідараў».

У Іране ўсталяваная сістэма фільтрацыі сацыяльных сетак, у тым ліку Twitter і Facebook, а таксама сайтаў, якія ўважаюцца за антыісламскія або чыняць шкоду рэжыму.

Прэзідэнт Ірана Хасан Ругані абяцаў больш талерантнасці ў сацыяльных і культурных галінах, а таксама ў пытаннях медыя. Гэтыя абяцанні дапамаглі яму атрымаць перамогу над кансерватарамі на леташніх выбарах. Аднак такім рэформам супрацьстаяць традыцыяналісты і ультра-кансерватары, пад кантролем якіх знаходзяцца дзяржаўныя ўстановы ды іншыя важныя інстытуты, у тым ліку судовая сістэма.

Апошнія навіны