BE RU EN

ІП могуць аднавіць пратэсты на наступным тыдні

  • 14.07.2014, 18:17

Аб новых пратэстах прадпрымальнікаў стане вядома пасля 22 ліпеня.

У канцы мінулага тыдня ў рэгіёнах Беларусі спыніўся страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках, што пачаўся 1 ліпеня. У выніку ціхай акцыі пратэсту ІП не дамагліся выканання сваіх патрабаванняў. Сам страйк быў разрознены. У прыватнасці, яго не падтрымалі ў Менску, піша eurobelarus.info.

Хоць праблемы ва ўсіх прадпрымальнікаў аднолькавыя. З 1 ліпеня 2014 года ў Беларусі ўвайшлі ў дзеянне новыя правілы дзейнасці камерсантаў. У прыватнасці, уведзеная абавязковая сертыфікацыя тавараў, што ўвозяцца з краін Мытнага саюза, і пачаў дзейнічаць указ Лукашэнкі №222, які загадвае мець суправаджальныя дакументы на ўвесь тавар. Пры гэтым прадпрымальнікі атрымалі магчымасць распрадаваць рэшткі тавару, увезенага ў Беларусь з тэрыторыі Мытнага саюза, да 1 сакавіка 2015 года без сертыфікатаў.

Ці будуць адноўленыя пратэсты ІП у рэгіёнах і калі? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да каардынатаркі аргкамітэта для стварэння прафзвязу прадпрымальнікаў «Разам» Ірыны Яскевіч, якая працуе ў Віцебску.

- Думаю, што аб часе новых пратэстах прадпрымальнікаў стане вядома пасля 22 ліпеня. У гэты дзень уваходзіць у дзеянне закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь». У гэтым дакуменце таксама ёсць шмат чаго «цікавага», што не падабаецца прадпрымальнікам. Таму падстава для незадаволенасці можа ўзнікнуць раней, чым скажам, у канцы лета або пачатку восені.

- Ці будуць прадпрымальнікі ствараць новую структуру для каардынацыі сваіх дзеянняў у рэгіёнах Беларусі?

- У нас ёсць тэлефоны адзін аднаго, мы адкрылі сваю групу ў «Аднакласніках», цяпер разглядаем пытанне аб стварэнні сайта. Так што ўзаемадзеянне ў нас наладжанае.

- Ад чаго канкрэтна залежыць, пачнуцца новыя пратэсты ІП у рэгіёнах?

- Ад адказу на наш зварот. Прычым менавіта ад адказу, а не адпіскі, альбо інфармацыі аб перанакіраванні ліста, маўляў вашыя дакументы ўжо ў Дзяржстандарце. Дзяржстандарт не развяжа нашыя праблемы. Пры гэтым нашы прадстаўнікі павінны ўваходзіць у рады для развіцця прадпрымальніцтва, разам з прадстаўнікамі іншых прадпрымальніцкіх арганізацый.

- Калі цяпер пачнуцца праверкі ІП на адпаведнасць з указам №222, то і пратэсты адновяцца?

- Безумоўна. Бо цяпер немагчыма працаваць паводле новых правілаў. Няма новых аптовых баз. А на тых, якія ёсць, няма новых каталогаў, прайс-лістоў, альбо тавары даражэйшыя, чым у крамах. Напрыклад, на аптовай базе рэчы на 100 рублёў даражэйшыя, чым тыя, якія вісяць у нас ва ўнівермагу. Паўстае пытанне, чаму гэта адбываецца? Напраўду пытанняў вельмі шмат, але калі ў такіх умовах яшчэ пачнуцца праверкі, то, вядома, у людзей будзе незадаволенасць.

- А вы думаеце, што ўлада будзе рэагаваць на страйкі ІП? Але навошта? Бо яна свядома стварае праблемы для вашай працы?

- Мы не сумняваемся ва ўсвядомленасці гэтых дзеянняў. Але страйку, як такога, у нас і не было. Мы паспрабавалі звярнуць увагу на нашыя цяжкасці і спынілі працу. Мы не супраць цывілізаванага падыходу. Але ён павінен быць для ўсіх. А цяпер на нашае месца прыходзяць кітайцы.

- І ўсё ж у мяне было іншае пытанне: навошта ўладзе рэагаваць на вашыя пратэсты, калі яна, мяркуючы з усяго, свядома ідзе на скарачэнне рынкавых гандляроў?

- Пытанне рытарычнае. Мы будзем казаць пра тое, што мы жывыя людзі, нас шмат, хай дадуць нам працоўныя месцы. Калі нас дзяржава выштурхвае з адной нішы, то яно павінна нам нешта прапанаваць наўзамен. А нам не прапаноўваюць нічога. Нават калі кацяня швабрай загнаць у кут, яно ад безвыходнасці будзе шыпець. Таму не трэба заганяць нас у кут.

Апошнія навіны