BE RU EN

Баевікі адступаюць да расейскай мяжы

  • 14.07.2014, 10:44

Тэрарысты спрабуюць малымі групамі выходзіць на тэрыторыю Расеі.

Штаб Антытэрарыстычнага цэнтра Службы бяспекі Украіны заявіў аб адступленні баевікоў з тэрыторыі Луганскай вобласці да расейскай мяжы.

Сёння раніцай частка баевікоў пакінула Луганск і праз падкантрольную ім зону адышла ў бок мяжы, паведаміў УНН прадстаўнік штаба. Паводле ягоных слоў, цяпер назіраецца збор і спробы перамяшчэння сіл тэрарыстаў разам з бронетэхнікай ў раёнах населеных пунктаў Сухадольск і Маладагвардзейск (невялікія гарады, размешчаныя паблізу мяжы Луганскай вобласці Украіны і Растоўскай вобласці Расеі).

«Згодна з аператыўнымі звесткамі выведкі, сілы баевікоў збіраюцца на мяжы і спрабуюць малымі групамі выходзіць на тэрыторыю Расеі праз «дзіркі» на мяжы», - дадаў суразмоўца агенцтва.

Ён падкрэсліў, што пакуль няма інфармацыі аб тым, ці ўдалося баевікам перасекчы расейска-ўкраінскую мяжу. Прадстаўнік прэс-службы самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) сказаў РБК, што не мае звестак аб адступленні рушэнцаў і мае намер праверыць гэтую інфармацыю.

У ноч на панядзелак, 14 ліпеня, сілавікам атрымалася знішчыць два аўтамабілі з рушэнцамі ў вёсцы Зеленаполле Луганскай вобласці, паведамляе прэс-цэнтр спецаперацыі ў «Фэйсбуку».

«А 23:00-00:15 зладжаная спроба прарыву праз блок-пост у раёне Зеленаполля. Падчас бою знішчаныя два аўтамабілі, якія перавозілі баявікоў. Страты тэрарыстаў удакладняюцца. Страт сярод асабістага складу ВС Украіны няма», - гаворыцца ў паведамленні.

Сёння ноччу таксама стала вядома, што ўкраінскае войска з боем заняла аэрапорт Луганска. «Прэзідэнту Украіны толькі што паведамілі са штаба АТА, што ўкраінскія вайскоўцы з баямі дайшлі да Луганскага аэрапорта. Слава Украіне!» - гаварылася ў паведамленні, размешчаным пад поўнач на старонцы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў «Фэйсбуку».

Апошнія навіны