BE RU EN

Мустафа Наем: Расея пакрокава ўвасабляе ва Украіне грузінскі сцэнар

  • 14.07.2014, 10:30

Сёння на ўсходняй мяжы Украіны ідзе пакрокавы паўтор сцэнарыя пяцідзённай вайны ў Грузіі.

Пра гэта ўкраінскі журналіст Мустафа Наем напісаў у «Фэйсбуку».

«Перачытаў артыкулы і стужку навін за 2008 год. Цалкам відавочна, што сёння на ўсходняй мяжы Украіны ідзе пакрокавы паўтор сцэнарыя пяцідзённай вайны ў Грузіі. Пытанне толькі ў тым, што менавіта плануе Пуцін - паэтапны ўвод расейскіх міратворцаў або адразу аперацыю «прымус да міру».

Сцісла, для тых, хто не памятае. Сітуацыя ў Грузіі пачала напальвацца з абвастрэннем канфлікту ў Паўднёвай Асеціі ў канцы ліпеня 2008 года. Першага жніўня прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі заявіў аб канцэнтрацыі ля сваёй мяжы грузінскіх войскаў. Афіцыйны Тбілісі заявіў, што пачатак вайсковых дзеянняў - гэта адказ на правакацыі і непасрэдную пагрозу расейскага нападу. Праз тры дні ў горадзе Джава ў Паўднёвай Асеціі з'явіліся атрады расейскіх добраахвотнікаў. 7 жніўня Саакашвілі абвясціў аднабаковае замірэнне, паабяцаў амністыю ўсім чальцам узброеных фармаванняў непрызнанай рэспублікі і запрасіў іх на перамовы.

8 жніўня грузінскія войскі адкрылі шквальны агонь па Цхінвалі. Афіцыйны Тбілісі патлумачыў гэта вымушанай мерай у адказ на бесперапынны абстрэл грузінскіх вёсак паўднёва-асецінскімі фармаваннямі. Далей вы ўжо ў курсе - увод расейскіх войскаў, поўная анэксія і прызнанне Расеяй Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Застаецца толькі спадзявацца, што Пётр Парашэнка - не Міхаіл Саакашвілі, і не паддасца на ўжо адрэпетаваныя правакацыі на мяжы», - напісаў ён.

Апошнія навіны