BE RU EN

Вінцук Вячорка: Навадворская раіла беларусам прытрымлівацца запаветаў Каліноўскага

  • 13.07.2014, 9:43

Валерыя Навадворская была адной з нямногіх, хто ратаваў гонар расейскага народа.

Пра гэта заявіў беларускі палітык Вінцук Вячорка, каментуючы смерць праваабаронцы «Радыё Свабода».

«Я ўпершыню сустрэўся з Валерыяй Ільінічнай напрыканцы 90-х на міжнароднай канферэнцыі, у якой бралі ўдзел людзі, што змагаліся за свабоду сваіх народаў супраць камуністычных рэжымаў. Асяроддзе аднадумцаў. Але нават у гэтым асяроддзі спадарыня Валерыя вылучалася глыбокай эрудыцыяй, вострымі і дакладнымі фармулёўкамі, а галоўнае - бескампраміснасцю ў ацэнцы падзей і паводзін палітыкаў, поўнай адсутнасцю кан'юнктурнага прыстасавальнага мыслення. Гэта і ёсць сапраўдная мудрасць.

Яна заўсёды ўвасабляла сабою абсалютна зразумелы каштоўнасны падыход: людзі павінны быць вольныя, народы павінны быць незалежныя, дыктатары і імперыі - зло, для барацьбы з якімі дапушчальна многае. Пра Беларусь яна тады гаварыла, што толькі выкананне запаветаў Кастуся Каліноўскага забяспечыць беларусам будучыню.

Валерыя Ільінічна - адна з вельмі нямногіх, хто ратаваў гонар расейскага народу, выкрываючы нэаімперыялізм пуцінскага Крамля. Да апошніх дзён сваіх яна падтрымлівала цяперашнюю барацьбу Украіны з монстрам. Таму яе так ненавідзелі і ненавідзяць прадажныя расейскія прапагандысты.

Мы ганарымся тым, што Валерыя Навадворская родам з Беларусі. Прыйдзе час - яе імем у нас будуць названыя вуліцы. Светлая памяць», - сказаў Вінцук Вячорка.

Апошнія навіны