BE RU EN

Фінансавыя рынкі абвяшчаюць Пуціну шах

  • 11.07.2014, 17:24

Для таго, каб разбірацца ў вялікай палітыцы, неабходна сачыць за фінансавымі рынкамі.

Актуальнае гэта правіла, у тым ліку, і для канфлікту паміж Расеяй і Украінай. У ім расейскі прэзідэнт Пуцін больш не ўвязваецца ў дзёрзкія прыгоды і дзейнічае, нібы ён націснуў на стаяначны тормаз, піша Die Welt (пераклад - Инопресса.ру). Пасіўнасць Пуціна можа здацца дзіўнай палітычнаму назіральніку, але ніяк не прафесійнаму эканамісту. Выданне бачыць прычыну ў тым, што «кампаніі, банкі і простыя людзі ў вялікіх колькасцях пачалі вывозіць капіталы з пуцінскай імперыі, і кожнае новае абвастрэнне крызісу ва Украіне можа яшчэ больш узмацніць адток капіталу».

За першае паўгоддзе гэтага года адток з Расеі склаў парадку 74,6 млрд даляраў, што перавышае аналагічны паказчык за ўвесь мінулы год, гаворыцца ў артыкуле. Фінансавыя рынкі ўспрынялі гэтыя лічбы ў якасці вотуму недаверу, у выніку адсоткі па расейскіх дзяржаўных займах «узляцелі да нябёсаў»: цяпер за дзесяцігадовыя аблігацыі Крамлю даводзіцца плаціць 8,7% гадавых. «Занерваваліся» і крэдытныя рынкі. У прыватнасці, узрос кошт страхавання ад магчымага банкруцтва Расеі - на пяцігадовы тэрмін верагоднасць яго наступу ацэньваецца ў 11,5%.

Нягледзячы на тое, што адток капіталу некалькі запаволіўся - у другім квартале з Расеі вывезлі 25,8 млрд даляраў супраць амаль што 50 млрд за першыя тры месяцы - ён усё роўна «застаецца на высокім узроўні», кажа эканаміст Deutsche Bank Яраслаў Лісаволік. Усяго ж, згодна з прагнозам Сусветнага банка, ён можа дасягнуць 150 млрд даляраў. «Гэта, вядома, экстрэмальны сцэнар на выпадак далейшага абвастрэння канфлікту, але і без таго краіна згубіць 100 млрд даляраў», - працягвае выданне. Аналагічныя прагнозы робіць і ВМФ.

Адток капіталу прамым чынам уплывае на расейскую эканоміку. Так, МВФ ужо панізіў прагноз росту расейскай эканомікі і прагназуе стагнацыю. Некаторыя фінансавыя ўстановы, накшталт BNP Paribas, наогул прадказваюць адмоўны рост расейскай эканомікі на 1,3% у гэтым годзе. Не асабліва аптымістычныя і прагнозы на 2015 год - у сярэднім, расейская эканоміка падрасце толькі на 1,7%. Такім чынам, у ЦБ Расеі літаральна «звязаныя рукі: ён не можа панізіць павялічаныя адсоткавыя стаўкі, калі не хоча паскорыць рост інфляцыі», гаворыцца ў артыкуле.

Апошнія навіны