BE RU EN

ВНУ значна паднялі аплату за навучанне

  • 10.07.2014, 10:10

Беларускія ўніверсітэты падвысілі кошт платнага навучання, кошты дасягаюць да 23 млн рублёў.

Шэраг беларускіх ВНУ апублікаваў кошты платнага навучання ў 2014/2015 навучальным годзе, якія ў большасці выпадкаў сталіся вышэйшымі за леташнія, паведамляе БелаПАН. Самыя дарагія спецыяльнасці - у БДУІР і медуніверсітэце.

Да прыкладу, у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце навучанне на першым курсе ў новым навучальным годзе каштуе каля 17 млн рублёў на дзённым аддзяленні (у 2013/2014 навучальным годзе - каля 14 млн рублёў), 5,5 млн рублёў - на завочным (4,75 млн рублёў).

За навучанне на дзённым аддзяленні ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце першакурснікі заплацяць ад 16 да 18,4 млн рублёў у год (у мінулым навучальным годзе - ад 13,3 да 15,4 млн рублёў), на завочным - ад 6,85 да 7, 6 млн рублёў (у мінулым годзе - ад 5,7 да 6,3 млн рублёў).

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі навучанне першакурснікаў на дзённым аддзяленні каштуе ад 16,7 да 20.700.000 рублёў (у мінулым годзе - ад 14,6 да 16.900.000 рублёў), на завочным - 6,8 млн рублёў (5,4 млн рублёў).

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце год навучання на дзённым аддзяленні каштуе ад 18 да 23 млн рублёў (ад 15 да 19 млн рублёў - у мінулым годзе).

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце за навучанне на дзённым аддзяленні першакурснікам давядзецца заплаціць амаль 16 млн рублёў у год (у мінулым годзе - 14 млн рублёў), на завочным - 5,4 млн рублёў (4,5 млн рублёў).

У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце навучанне на дзённым аддзяленні будзе каштаваць 18,4 млн. рублёў (у мінулым годзе – 15,3 млн рублёў) і 7,2 млн рублёў - на завочным (на ўзроўні мінулага года).

Прыватныя ВНУ таксама падвысілі кошты навучання. Так, на дзённым аддзяленні Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва навучанне будзе каштаваць першакурснікам 13,2 млн рублёў у год (у мінулым годзе - 10 млн рублёў), на завочным - 5,6 млн рублёў (4,3 млн рублёў); БІП - Інстытут правазнаўства: дзённае аддзяленне - ад 14 да 18,5 млн рублёў (ад 10,8 да 14,3 млн рублёў), завочнае - ад 6,7 да 7,6 млн рублёў (5,2-5,8 млн рублёў).

У 2013/2014 навучальным годзе кошт навучання на платных аддзяленнях падвышаўся адзін раз перад пачаткам навучальнага года, але не больш чым на 20%. У 2012/2013 навучальным годзе кошт навучання не змяняўся зусім, аднак у 2011/2012 навучальным годзе навучанне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах даражэла чатыры разы.

Апошнія навіны