BE RU EN

Усе пляжы Менска адкрытыя для купання

  • 10.07.2014, 9:00

Занурыцца ў ваду ў Менску сёння можна на 26 пляжах.

Яны знаходзяцца на шасці вадасховішчах: Крыніца, Пціч, Цнянка, Вяча, Камсамольскае возера, Дразды і Заслаўскае вадасховішча, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Як распавяла загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Янкоўская, стан вады ва ўсіх менскіх вадаёмах адпавядае нормам. У купальны сезон ваду ў месцах адпачынку правяраюць на шкодныя бактэрыі часцей, чым звычайна - у сярэднім, раз у тыдзень.

- Пры атрыманні двух паслядоўных нездавальняльных паводле бактэрыялагічных паказчыкаў вынікаў аналізаў вады з аднаго пункта выносіцца пастанова аб забароне выкарыстання вадаёма ў культурна-бытавых мэтах. Але апошнімі гадамі такога не было, - радуецца спецыяліст.

Тым часам, ратавальнікі таксама гатовыя абараняць жыццё і здароўе грамадзян. А менавіта - штрафаваць для іх жа карысці.

- Цяпер забаронена купацца ў тэхнічных вадаёмах, у Менску гэта Чыжоўскае вадасховішча, а таксама ў раёне паўвыспы на Цнянцы. Глыбіня там вельмі вялікая, без ахвяр звычайна не абыходзіцца. У мінулым годзе ўдалося прызнаць гэта месца небяспечным, - кажа начальнік Рэспубліканскай вадалазна-выратавальнай службы Сяргей Патрыкееў. - У ваду людзі і там, і там усё роўна лезуць. Апошняя надзея - напалохаць гора-плыўцоў рублём. Пакуль за такія парушэнні можна толькі аблаяць. Калі праект правілаў, які мы распрацоўваем, узгодніць Савет міністраў, то да парушальнікаў будуць ужывацца штрафныя санкцыі.

Апошнія навіны