BE RU EN

60% віцебскіх прадпрымальнікаў не выйшлі на працу

  • 1.07.2014, 14:08

Улады адмаўляюцца ісці на саступкі прадпрымальнікам.

На віцебскіх рынках спадзяюцца, што іх праблемы можна развязаць, але толькі на самым высокім узроўні. Напрыклад, скасаваць або ўнесці папраўкі ва ўказ №222, які забараняе гандаль без сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў на тавары, у тым ліку тыя, якія ўвозяцца з краін Мытнага саюза. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што патрабаванні ўказа выканаць немагчыма, перадае «Радыё Свабода».

Аб сваім намеры спыніць працу з 1 ліпеня віцебскія прадпрымальнікі заяўлялі яшчэ тры тыдні таму. За гэты час прадстаўнікі аддзела гандлю і іншых структур наведалі некалькі рынкаў, але задобрыць прадпрымальнікаў у іх не атрымалася.

Не атрымалася нешта вызначыць і 30 чэрвеня: непасрэдна перад 1 ліпеня ў аблвыканкам запрасілі старшыняў віцебскіх кірмашоў. Але канструктыўнай размовы не атрымалася і на гэтай сустрэчы.

Пра гэта кажа Ірына Яскевіч, прадстаўніца гандлёвага цэнтра «Эвіком», каардынатарка аргкамітэта для стварэння прафсаюза прадпрымальнікаў «Разам»:

«Ініцыятарам сустрэчы быў аддзел падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва, былі мытнікі, супрацоўнікі падатковай, аддзела стандартызацыі... І ні на адну праблему не стала менш. Нас выслухалі, мы распавялі пра свае праблемы, але ў іх ёсць інструкцыі, і яны будуць іх выконваць, бо нічога нельга памяняць на нашым абласным узроўні. Мы неаднаразова і раней казалі пра свае цяжкасці, чыноўнікі пра іх ведалі, але чаму не абмяркоўвалі гэта на вышэйшым узроўні, незразумела. Таму мы кажам, што ў такіх умовах працаваць не можам».

Са слоў Ірыны Яскевіч, амаль 60% віцебскіх прадпрымальнікаў ужо падалі ў падатковую інспекцыю «нулявыя» дэкларацыі - дакумент, які сведчыць аб тым, што праца спыненая. Але такая дэкларацыя дазваляе аднавіць гандаль у кожны момант.

Самая вострая праблема, якая падштурхнула да гэтага - немагчымасць рэалізоўваць рэшткі тавару, набытага да тых часоў, як пачаў дзейнічаць указ аб абавязковай сертыфікацыі. Гандляваць рэшткамі было афіцыйна дазволена менавіта да 1 ліпеня. Але напярэдадні Ірына Яскевіч атрымала афіцыйны ліст аб тым, што тэрмін гэты падоўжаны да сакавіка наступнага года.

На іншыя пытанні, зададзеныя ў лісце да Лукашэнкі, віцебскія прадпрымальнікі адказу не маюць. Паводле закону, на звароты грамадзян трэба адказваць на працягу 30 дзён. На адпраўлены 6 чэрвеня ліст варта чакаць адказу не пазней за 10 ліпеня, падлічыла Ірына Яскевіч:

«У нашым звароце былі тры пытанні. Акрамя пытання аб астатках тавару былі яшчэ пытанні аб прызнанні сертыфікатаў дзяржаў Мытнага саюза, аб мытах, якія мы павінны плаціць... Увогуле, калі ўзяць калькулятар і падлічыць падаткі, то нават калі знойдзеш дакументы, якія знайсці ў прынцыпе не магчыма, ты проста не зможаш усё аплаціць».

Афіцыйнага адказу на гэтыя пытанні і хочуць дачакацца віцебскія прадпрымальнікі. Хоць ёсць і іншыя праблемы: да прыкладу, каб прывезці тавар, прадпрымальнік павінен цяпер замаўляць спецыяльны транспарт. Прывозіць на продаж рэчы з паездак, арганізаваных турыстычнымі фірмамі, цяпер нельга.

Прадпрымальнікаў чакаюць яшчэ вялікія выдаткі, большасць з іх гэта разумее, і таму на закрытых ралетах з 1 ліпеня з'явяцца аб'явы аб закрыцці з розных прычын, прадаўжае Ірына Яскевіч:

«Напэўна, ніхто не адважыцца напісаць наўпрост, што зачыніўся, таму што так працаваць не можа. Але мы вымушаны чакаць адказу на наш ліст, і пра гэта мы сказалі чыноўнікам. Сказалі, што гэта SOS, трывога, што мы дайшлі да граніцы! Бо працаваць на адных астатках, калі няма памераў, няма выбару колеру, няма нічога новага, а наперадзе восень, і дзетак трэба будзе збіраць у школу - так працаваць мы проста не зможам».

Апошнія навіны